Ацэнка палітычнай сытуацыі ў Беларусі

pbnf.org
16 июня 2009, 15:09
Сёньня, 16 чэрвеня, у дзень салідарнасьці з палітрэпрэсаванымі, старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі, старшыні партыі БСДГ Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдат у прэзыдэнты Аляксандр Казулін, каардынатар кампаніі "Эўрапейскай Беларусь", і каардынатар Эўрапейскай кааліцыі Мікалай Статкевіч падпісалі заяву аб адсутнасьці прававой абароны ў Беларусі.

Мы, прадстаўнікі незалежнай палітычнай і грамадскай супольнасці, у дзень салідарнасці з палітрэпрэсаванымі, вымушаны зноў канстатаваць, што:

- у Беларусі па-ранейшаму цалкам адсутнічае сістэма прававой абароны грамадзян ад пераследу за палітычныя, рэлігійныя і іншыя перакананні, не выконваюцца найважнейшыя абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай сферы дзяржавай: у любы час асоба можа зрабіцца ахвярай неабгрунтаваных брутальных дзеянняў з боку міліцыі і спецыяльных сіл, не мае шанцаў на аб’ектыўны й справядлівы суд, магчымасцяў нармальнага працаўладкавання або вучобы на тэрыторыі краіны, калі ўлада лічыць гэтую асобу сваім палітычным праціўнікам;

- афіцыйныя ўлады Беларусі хаваюць сапраўднае становішча з правамі чалавека ў краіне – перадусім у кантактах з Еўразвязам; такая сітуацыя ацэньваецца намі як абсалютна ненармальная: яна патрабуе неадкладных карэнных змен;

- мы дамагаемся правядзення аб’ектыўнага расследавання і ўзбуджэння крымінальных справаў у дачыненні да тых супрацоўнікаў вядомых і невядомых нам сілавых структур, якія дапускалі і дапускаюць брутальныя мэтады запалохвання і фізічнага ўздзеяння на ўдзельнікаў мірнага палітычнага і праваабарончага супраціву; нас па-ранейшаму глыбока хвалюе пытанне поўнага і аб’ектыўнага расследавання фактаў знікнення палітычных апанентаў рэжыму, перадусім Юрыя Захаранкі й Віктара Ганчара – тым больш, што ў нядаўнім інтэрв’ю расійскай газеце "Завтра" Аляксандр Лукашэнка прагаварыўся, нібыта яму ўжо вядома пра тое, што яго палітычныя апаненты ў сапраўднасці былі забітыя;

- мы лічым ахвярамі палітычна-абумоўленных рэпрэсій усіх фігурантаў так званага "працэса 14-ці" і патрабуем неадкладнага вызвалення іх ад усіх формаў далейшага пераследу і абмежавання ў правах; мы абураныя прымяненнем дадатковага пакарання ў дачыненні да Максіма Дашука;

- мы патрабуем скасавання неабгрунтавана накладзеных судзімасцяў на нядаўніх палітычных вязьняў Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча і нашага калегі, падпісанта гэтай Заявы, прафесара Аляксандра Казуліна;

- з улікам далейшага пагаршэння стану здароўя зняволенага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча, які ўжо два месяцы галадае ў турме, мы патрабуем неадкладнага змянення яму меры ўстрымання і выпуску на волю; аналагічныя захады павінны быць зроблены і ў дачыненні да калег Мікалая Аўтуховіча – Уладзіміра Асіпенкі і Юрыя Лявонава;
мы патрабуем камісавання з беларускай арміі ўсіх асоб, мабілізаваных туды па палітычных матывах, без уліку іх сапраўднага стану здароўя;

- мы патрабуем неадкладнай ліквідацыі ўсіх ганебных "чорных спісаў", складзеных уладамі за апошнія 15 гадоў у дачыненні да сваіх палітычных апанентаў з мэтай не даць магчымасці ім нармальна працаўладкоўвацца або вучыцца ў навучальных установах краіны;

- мы заклікаем уладу апамятацца і спыніць антыкультурніцкі характар дзеянняў па метадычнаму знішчэнню высокай беларускай культуры, адукацыі, творчасці, нацыянальнай гістарычнай навукі.

Адсутнасць канкрэтных і аператыўных крокаў з боку беларускіх улад у змене сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі будзе надалей сведчыць пра недэмакратычны, нелегітымны і рэпрэсіўны характар існуючага ў краіне рэжыму, і мы не пакінем сваіх намаганьняў, каб дамагацца зьмены такой улады канстытуцыйным чынам.

Мы перакананы, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі ніколі не зробіцца гарантам незалежнасці нашай краіны і дэмакратычных пераўтварэнняў у ёй. Толькі свабодныя, праведзеныя пад паўнавартасным грамадзкім кантролем выбары прэзыдэнта краіны могуць даць пачатак працэсу выхаду нашага грамадзтва з усеабдымнага крызісу.


Менск, 16 чэрвеня 2009 г.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовости субъектов ❯ Ацэнка палітычнай сытуацыі ў Беларусі