Мілінкевіч: Адкрыць Еўропу для беларусаў

by.milinkevich.org
1 апреля 2009, 14:22
Канферэнцыя "Еўрапейская карта для Беларусі" з'яўляецца апошнім разглядам беларускага пытання гэтым складам Еўрапарламента. Вынікі абмеркавання будуць улічаны пры прыняцці рэзалюцыі па Беларусі.

"Гэта адно з найлепшых паседжанняў у Еўрапарламенце па беларускаму пытанню, бо акрамя канструктыўных, аб'ектыўных ацэнак, якія мы пачулі, адчувалася вельмі добрая эмацыянальная атмасфера. Бальшыня прысутных, з самых розных краінаў заангажаваліся беларускай праблематыкай. Я думаю, што гэта значнае дасягненне", – паведаміў Аляксандр Мілінкевіч.

Паводле лідэра Руху "За Свабоду", ў сваіх выступах прадстаўнікі беларускай дэлегацыі казалі, што калі ёсць пэўныя пазітыўныя змены ў Беларусі, то яны на дадзены момант павярхоўныя і недастатковыя. Самае галоўнае – зрабіць зараз так, каб быў спынены палітычна матываваны пераслед. Людзі, іх абарона, павінны быць на 1-м месцы. Выступоўцы казалі пра неабходнасць зменаў у крымінальнае заканадаўства, якое мае палітычныя артыкулы. Усе таксама выказваліся за неабходнасць удзелу Беларусі у праграме Усходняга партнёрства.

Аляксандр Мілінкевіч акцэнтаваў увагу ў сваім выступе на тым, што зараз вельмі важна патлумачыць беларускаму грамадству перавагі еўраінтэграцыі, бо менавіта беларускі народ будзе рабіць геапалітычны выбар, перад якім хутка апынецца наша краіна.

"Я казаў пра тое, што структуры Еўразвязу шчыльна працуюць з уладай, каб з дапамогай эканамічных стымулаў для Беларусі спрыяць працэсам дэмакратызацыі і лібералізацыі. Але яшчэ ёсць беларускі народ які застаецца па-за дыялогам. Еўразвяз працуе з уладай, мы сустракаемся з еўрапейцамі, а дзе 10 мільёнаў беларусаў? Даводзіцца канстатаваць, што вельмі значная частка беларусаў жыве з савецкім мысленнем. Нам зараз вельмі важна еўрапеізацыя нашых грамадзян. Мы мусім казаць пра еўрапейскія каштоўнасці, пра станоўчыя бакі еўраінтэграцыі, каб людзі змаглі свядома рабіць свой выбар. Я ўпэўнены, што нашай краіне прыйдзецца рабіць геапалітычны выбар у бліжэйшы час. Ён будзе залежыць не столькі ад улады ці апазіцыі, якія прыходзяць і сыходзяць, а у першую чаргу ад нашага народа", – адзначае Аляксандр Мілінкевіч.

Лідэр Руху "За Свабоду" актыўна выступаў за спрашчэнне для беларусаў працэсу атрымання шэнгенскіх візаў і іх большую даступнасць:

"Зараз вельмі важна інфармаванне людзей, іх адукацыя. Мы можам многа гаварыць пра тое, што Еўропа адкрылася для Беларусі, але калі ў нас візы для паездкі ў краіны Заходняй Еўропы значна даражэйшыя чым для грамадзян Расіі і Украіны. Паводле агучанай на канферэнцыі статыстыцы, 67% беларусаў ніколі не былі ў краінах ЕЗ – нават у Польшчы ці Літве – 51% ніколі не размаўляў з прадстаўніком Еўразвязу. Мы мусім зрабіць усё, каб візы былі таннейшымі і з часам бясплатнымі, каб сапраўды адкрыць Еўропу для беларусаў".

Лідэр Руху "За Свабоду", нягледзячы на ўсе складанасці, аптымістычна глядзіць ў еўрапейскую будучыню Беларусі.

На канферэнцыі выступілі таксама Хізэр МакДжыл (Amnesty International), Жанна Літвіна (БАЖ), Янэз Ленарчыч (Кіраўнік БДІПЧ), Роджэр Кішка (хрысціянскія юрысты Alliance Defense), Анжэліка Борыс (СПБ), Анатоль Лябедзька (АГП). На дыскусіі ад афіцыйнай Беларусі прысутнічаў амбасадар ў Бельгіі Уладзімір Сянько, што сведчыць пра паступовае наладжванне цывілізаванага дыялогу.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовости субъектов ❯ Мілінкевіч: Адкрыць Еўропу для беларусаў