Грамадзяне супраць бюракратыі

прэс-служба руху "За Свабоду"
6 апреля 2009, 17:26
Пружанскія актывісты руху "За Свабоду" і іншых дэмакратычных арганізацый ініцыявалі грамадскую кампанію "Народны кантроль".

У сакавіку "Народны кантроль" праз напісанне калектыўнага звароту дапамог вырашыць праблему працякання даху шматкватэрнага дому. КУП "Камунальнік" цягам сутак адрамантавала дах. Камунальшчыкі таксама выплацілі жыхарам кампенсацыю за матэрыяльны урон, які нарабіла вада.

Пад увагай "Народнага кантролю" таксама знаходзіцца зварот жыхароў у гарадское аддзяленне ДАІ наконт устаноўкі на праезнай частцы штучнай няроўнасці.

Менавіта бескантрольнасць чыноўнікаў і нашая недасведчанасць робіць такую з'яву, як дэмакратыя, жыццяздольнай і трывалай. Толькі сумесныя намаганні грамадзян здольныя змяніць нашае жыццё да лепшага, – лічыць каардынатар кампаніі "Народны кантроль" Уладзімір Радзівончык.

Спадар Уладзімір пагадзіўся адказаць на некаторыя пытанні нашага карэспандэнта.


– Растлумачце, калі ласка, што ўяўляе сабой Вашая ініцыятыва?

– Гэта грамадская ініцыятыва неабыякавых грамадзян. Галоўная наша задача – давесці праблемы грамадзян да органаў улады і прасачыць за іх вырашэннем. Мы мусім адстойваць права на прыстойнае жыццё, якое нам гарантавана Канстытуцыяй.

– Вакол процьма кантралюючых арганізацый. Ці напраўду "Народны кантроль" патрэбны?

– Мы ўпэўнены, што шмат праблемаў можна вырашыць праз усталяванне элементарнага парадку і дысцыпліны сярод адказных чыноўнікаў. Паміж уладамі і грамадствам існуе велізарная праблема камунікацыяў. Усе гэтыя праблемы і закліканы вырашаць "Народны кантроль", які мусіць стаць звязуючым звяном паміж грамадзянамі і ўладай.

– Як працуе Ваша сістэма?

– Пра праблемы людзей мы даведваемся з дапамогай апытанняў, анкетавання альбо па тэлефоне "гарачай лініі". Інфармацыя пра праблемы ў сферах ЖКГ, адукацыі, аховы здароўя, іншых сферах збіраецца і аналізуецца. Вынікі друкуюцца ў спецыяльна створаным інфармацыйным бюлетэні. Прымаюцца захады.

– Наколькі маштабная Ваша ініцыятыва?

– Гэта абласная кампанія. Мае калегі працуюць не толькі ў Пружанах, але таксама у Пінску, Баранавічах ды іншых раённых цэнтрах. Упэўнены, што гэта кампанія у хуткім часе распаўсюдзіцца па ўсёй краіне.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовости субъектов ❯ Грамадзяне супраць бюракратыі