Абавязкі дэпутата мусіць выконваць апазіцыянер

regionby.org
12 октября 2009, 19:23
Жыхар Гарадка і старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Леанід Аўтухоў добраахвотна прыняў на сябе чужы клопат: замест дэпутата райсавета дапамагае землякам у вырашэнні камунальных праблем.

Спадар Аўтухоў перадаў у райвыканкам калектыўны ліст ад жыхароў вуліц Пясчанай і Касаб’яна, якія абураюцца станам дарог у іхным раёне.

– Да мяне гэтыя людзі звярнуліся таму, што не ведаюць, да каго ім яшчэ пайсці, – кажа Леанід Аўтухоў. – На апошніх выбарах у мясцовыя саветы я хацеў абрацца дэпутатам, шмат сустракаўся з тутэйшымі жыхарамі, таму, кажуць, мяне і запомнілі. Вось і нядаўна прыйшлі параіцца, хаця дэпутатам абралі не мяне, а майго саперніка, начальніка мясцовай арганізацыі дарожнай рамонтна-будаўнічай службы. Атрымалася смешна: дэпутат мае самае непасрэднае дачыненне ды рамонту дарог, але каб зрабіць такі рамонт – прыйшлі не да яго, а да мяне.

Мясцовыя жыхары кажуць, што гравійка па вуліцах Касаб’яна і Пясчанай у такіх выбоінах, што дзецям няма як прайсці па ёй у школу. Ідуць па лужынах, бо не абысці. На заняткі і дадому прыходзяць з мокрымі нагамі, потым хварэюць. Усё гэта заклапочаныя бацькі выклалі ў лісце на імя старшыні райвыканкама, і падпісалі яго 26 чалавек.

– Я добраахвотна ўзяў на сябе абавязкі “народнага абранніка”, як называюць дэпутатаў, – смяецца спадар Леанід. – Дарэчы, на наступных выбарах у мясцовыя саветы я паспрабую стаць дэпутатам ізноў, хаця вялікай веры ў тое, што ўсё пройдзе чэсна, у мяне няма. Прынамсі, мінулым разам мне неаднойчы казалі: "Цябе, апазіцыянера, век нікуды не выберуць!"

Пакуль старшыня суполкі БНФ вырашыў быць дэпутатам "на грамадскіх пачатках" – не абраным афіцыйна, але "народным" паводле даверу і спадзяванняў мясцовых жыхароў.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовости субъектов ❯ Абавязкі дэпутата мусіць выконваць апазіцыянер