Апошні дыктатар шукае аднадумцаў

Уладзімір Халіп, charter97.org
5 декабря 2010, 16:50
Як ён спляжыў саміт у Астане! Каменя на камені не пакінуў ад няшчаснай АБСЕ.

Калі б яна валодала хоць нейкай рэальнай сілай, напэўна пасля гэткага рашучага нападу на ўсіх без выключэння рэакцая была б імгненнай. Але што насамрэч можа тое нехлямяжае еўрапейскае ўтварэнне? Урок рэжымнай педагогікі высокі саміт калі і не засвоіў, то моўчкі праглынуў. Нечага сказаць – заслужылі.

І сапраўды, як было не гневацца правадыру невялікай, але надзвычай гордай дыктатуры. Гэта ж да якога нахабства дайшлі тыя еўрапейцы. Яго, адзінаабранага і незаменнага, спрабуюць вучыць таму, як трэба выбары праводзіць. Вось наконт выбараў ён ім усю праўду і давёў. Проста і шчыра патлумачыў, хто ёсць хто. "ОБСЕ является порой некой дубиной в чьих-то руках в предвыборный период того или иного государства". Занадта груба? А нічога, ведалі, каму давалі слова.

Незразумела толькі, у чыіх усё ж руках тая дубінка? Амерыка яе сціскае ў сваёй закарузлай далоні або і ўвогуле які-небудзь Кінг-Конг? Хто канкрэтна пагражае самай прагрэсіўнай у свеце краіне?

Людзі сёння надзвычай легкадумныя. Канчаткова страцілі пільнасць. На выклік часу ніяк не рэагуюць. Жывуць без належнай мабілізацыі перад непазбежнай небяспекай. І думаюць, што ўсё ў іх о’кей. Але рана ці позна прыедзе вось гэтак самы бескампрамісны чалавек на саміт у Астану. Скажа сваё важкае слова. І ўсе зразумеюць, як страшна ў гэтым свеце жыць.

Нікому ён не дазваляе бесклапотна спаць. Б’е ва ўсе званы. Наіўныя насельнікі старой Еўропы думаюць, што ўсё ў іх па-ранейшаму. "Однако сегодня ситуация гораздо хуже, чем одиннадцать лет назад. Забюрократизированные, а порой и откровенно унижающие человеческое достоинство процедуры получения виз, их несоразмерная стоимость являются существенной преградой для свободного передвижения и контактов между гражданами наших стран".

Падумаць толькі, як яго хвалюць перашкоды ў кантактах грамадзян Еўропы! Не ўдакладніў толькі чамусьці, пра якіх канкрэтна грамадзян размова. Ды напэўна ў тым і не было патрэбы. Усім яны вядомы добра. Як гаварыў калісьці незабыўны публіцыст з Сімбірску, "узок их круг и страшно далеки они от народа". І пакуты іх ад адсутнасці кантактаў з еўрапейцамі настолькі неадольныя, што дыктатар не змог за іх не заступіцца. І сапраўды, чаго вартыя ўсе разважанні ў Астане у параўнанні з тым, што начальніца самага прынцыповага ў свеце Цэнтрвыбаркаму не толькі Парыжу, але нават і Ніцы каторы год запар пабачыць не можа. Ды і ён сам, каб патрапіць на запаветную альпійскую лыжню, вымушаны прабівацца туды ледзь не патаемнымі сцежкамі. Вось пра гэтыя нечалавечыя пакуты ішла размова. Толькі ці зразумелі тое ўдзельнікі саміта?

Калі б ён меў на ўвазе люд паспаліты, то чаго ж прасцей – варта толькі па сканчэнні трэцяга тэрміну сабраць чамаданы і спакойна пакінуць Дразды. І развяжуцца адразу шматлікія вузлы. Не толькі з візамі. Ды і не гэтыя адыёзныя візы так усхвалявалі правіцеля. Была адна сапраўды балючая праблема, дзеля якой ён так імкнуўся да мікрафона ў Астане. Гэта – выбары. А дакладней, забеспячэнне гарантый ягонай асабістай ўлады. І ён ірвануўся з месца ў кар’ер. "Многое сказано о правах человека. Если говорить на эту тему, надо говорить серьезно. Выборная тематика всегда на виду в деятельности ОБСЕ… Стандарты выборов, о которых говорится представителями и чиновниками ОБСЕ, к сожалению, у нас отсутствуют. Но ссылки постоянно на эти стандарты".

Кажуць, гэткага нахабства нават электронная тэхніка не вытрымала. І на ягоным выступе раптам адключылася трансляцыя. Не дзіўна. Гэта ж да якога вычварэнства трэба было дадумацца – нейкіх стандартаў яму яшчэ не хапае! А Капенгагенскія пагадненні, якія таксама падпісала і Беларусь, куды раптам падзеліся? Ды і ва ўсіх захадах Еўропы і грамадста адно і тое ж патрабаванне, простае і зразумелае. Не мухлюй. Лічы галасы. І ніхто не будзе чаплацца ні да якіх выбараў.

Лёгка сказаць! Гэтак і без пасады застацца нядоўга. А лёс адстаўнога дыктара ў Еўропе незайздросны. А таму давядзецца і надалей цярпець гэтае навязлівае АБСЕ. І ён ужо спяшаецца перавесці стрэлкі ў іншым накірунку. "Организация является организацией по безопасности и сотрудничеству. Как в таких условиях люди могут сотрудничать?"

Адным словам, адчапіцеся вы са сваімі выбарамі. Як праводзілі іх, так і будзем праводзіць. Як лічылі (ці не лічылі?) галасы, так будзем лічыць і надалей. Тут свае стандарты. Уласныя. Адмысловыя.

І дарэчы, надзвычай высокія. У розных кутках свету, дзе арыентуюцца на стандарты менавіта гэткія, выбары праходзяць надзвычай вынікова. Толькі што Гаіці, яшчэ не апамятаўшыся ад землятрусу і халеры, абірала прэзідэнта. Цяпер там на сметніках дзеткі гуляюць з бюлетэнямі, якія дзеючым уладам падчас падліку не надта і спатрэбіліся. І нашы браты па розуму з Кот д’Івуар таксама толькі што правялі электаральную кампанію. Стандарты тыя ж, даўно апрабаваныя. Тым не менш, здарылася нечаканае – перамагла раптам апазіцыя.

Зразумела, што і там дзейснаму прэзідэнту пакідаць сваю пасаду не хочацца страшэнна. І праблему вырашылі проста. Да прадстаўніка выбаркаму, які ўжо ў наўпроставым эфіры збіраўся абвесціць вынік галасавання, наблізіўся раптам хтосьці з паплечнікаў прэзідэнта дзейснага. Вырваў пратаколы з рук. І падаўся прэч. Толькі кінуў мімахадзь, што яшчэ не ўсё падлічана.

Далёкая краіна, а якое падабенства. Да ўлады прыходзяць аднойчы. А далей у абранніка павінна быць толькі чарговая бліскучая перамога. Можна сказаць, элегантная. Па тых жа стандартах, што і ў нас. І ніякая АБСЕ тутэйшым абаронцам галоўнага крэсла не ўказ. Яны яшчэ абскачуць афрыканцаў.

Хіба што аднойчы спыніць іх народ. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Ад Астаны далёкая бязмежна.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFПрезидентские выборы 2010Глас народа ❯ Апошні дыктатар шукае аднадумцаў