Праваабаронцы: адміністрацыйны рэсурс узмацняецца

Радыё "Свабода"
19 ноября 2010, 13:46
"Выбарчая кампанія знешне праходзіць больш дэмакратычна, але што да выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу, тут лібэралізацыі ня бачна", — такую выснову зрабілі актывісты кампаніі "Праваабаронцы за справядлівыя выбары" па выніках заканчэння чарговага этапу выбараў: рэгістрацыі кандыдатаў, праверкі скаргаў і вызначэння месцаў для правядзення агітацыі.

Рэгістрацыя кандыдатаў адбывалася бяз значных абмежаванняў права кандыдатаў быць абранымі, але праваабаронцы адзначаюць закрытасць працэдуры праверкі подпісаў.

"У выніку мы не выключаем маніпуляцый з боку выбарчых камісій, бо палітычныя матывы падчас рэгістрацыі былі больш яўныя, чым юрыдычныя", — кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

З 51 скаргі, пададзенай у камісіі, былі задаволеныя толькі 3, адзначаюць праваабаронцы . Яны мяркуюць, што рэальна не правяраліся факты, калі зьбіральнікаў подпісаў не пускалі ў студэнцкія інтэрнаты, а таксама скаргі на выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу для збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Тое, што правяраючыя не знайшлі ніводнага парушэньня падчас збору подпісаў да Аляксандра Лукашэнку, праваабаронцы лічаць паказнікам.

"Улады дзейнічалі паводле прынцыпу: мы вас не чапаем, і вы нас не чапайце", — мяркуе старшыня БХК Алег Гулак.

Паводле дадзеных праваабаронцаў, ужо пачалася арганізацыйная падрыхтоўка для забесьпячэньня датэрміновага галасавання ў памерах, якія патрэбныя ўладзе.

"Паводле нашых дадзеных, да вышэйшых навучальных установаў даведзены ліміт у 90% удзелу студэнтаў у датэрміновым галасаваньні. Зьвесткі будуць правярацца, але падставы ім давяраць сапраўды ёсць", — кажуць удзельнікі кампаніі "Праваабаронцы за справядлівыя выбары".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFПрезидентские выборы 2010Мониторинг правонарушений ❯ Праваабаронцы: адміністрацыйны рэсурс узмацняецца