• Проекты UDF.BY:
  • Выборы США 2016
  • Выборы в Парламент 2016
  • Посредник
  • UD@F
  • Прас-Тайм
  • Цитаты недели
  • Проект-ПОЛИТИКА
  • Другие проекты

Беларускі настаўнік аддае за дарогу на працу амаль увесь заробак

"Еўрарадыё"

Мінулагодняга выпускніка геафака БДУ Дзмітрыя размеркавалі ў пасёлак Смілавічы Чэрвенскага раёна. Хлопец перад заканчэннем універсітэта знайшоў працу ў сталіцы, але не паспеў зрабіць рэгістрацыю. На дзяржаву ён мусіць адпрацаваць два гады настаўнікам геаграфіі.

Моцна на жыццё хлопец не жаліцца. Смілавічы хоць і не сталіца, але і не вёска. Ёсць кінатэатр "Мечта", крама з піражкамі, царква, мячэць, дзве школы, яшчэ дзве маладыя размеркаваныя настаўніцы. Ды і знаходзіцца кропка размеркавання ў паўгадзіны язды ад Мінска.

Праўда, працуючы у студэнцкія гады геадэзістам, Дзмітрый зарабляў больш за мільён беларускіх рублёў. І гэта да крызісу. Таму сённяшні настаўніцкі заробак падаецца хлопцу смешным.

"Першы час у мяне выходзіла 280 тысяч
, — распавядае Дзмітрый пра сваё фінансавае становішча. — Цяпер ужо 350 тысяч, з усімі прэміямі".

Жыве Дзмітрый у Магілёве, але павінен прыкладна пяць разоў на месяц прыязджаць у Смілавічы. Праблема ў тым, што ў Смілавічах маладога спецыяліста пасялілі на турбазу, дзе ён сам павінен плаціць за пражыванне. Білеты з Магілёва ў Смілавічы таксама нятанныя.

"Калі ехаць з Магілёва сюды на маршрутцы, то выходзіць каля 30 тысяч, калі на цягніку — каля 20 тысяч. Назад еду ў агульным вагоне — каля 8 тысяч. Да таго ж мне не далі жыллё. Школа спасылаецца на аддзел адукацыі, тыя — на школу. Яны нарэшце жыллё мне прапанавалі: "Жыві тут". Пытаюся: "Хто будзе аплачваць?" "Сам будзеш аплачваць".

Суткі пражывання на турбазе каштуюць каля васьмі тысяч рублёў. Разам за праезд і пражыванне ён аддае не менш за 210 тысяч рублёў штомесяц. А часам дарога і пражыванне "высмоктваюць" амаль увесь заробак маладога географа.

Хоць на гэтым жахі размеркавання заканчваюцца, бо дзеці у сярэдняй школе, дзе ён працуе, збольшага выхаваныя і прыстойныя. Нават тыя, якія стаяць на ўліку непаўналетніх у міліцыі, на ўроках паводзяць сябе спакойна.

Малады настаўнік зрабіўся ў Смілавічах важнай інфармацыйнай нагодай. Дзеці расказалі карэспандэнту Еўрарадыё, што географ круціць раман з маладой настаўніцай ангельскай мовы:

“Так, мы самі бачылі, як яны тут па дарожцы ішлі…”

Сам Дзмітрый абверг гэтую інфармацыю: любоўнай сувязі паміж настаўнікамі няма.

“Разам са мной працуе настаўніца гісторыі, малады спецыяліст, родам з Чэрвеня. Завуць Юлія Васільеўна, — раскрывае настаўнік праўду. — Зразумела, што на перапынках я не хаджу да пажылых выкладчыкаў, а камунікую з ёй. Адразу ж папаўзлі чуткі. Дзеці, вахцёрка, потым настаўнікі. Ажанілі нас. А насамрэч у мяне вяселле ў верасні, каханая жыве ў Магілёве. У яе таксама вяселле, з’язджае ў Расію”.

Удзячны малады настаўнік Смілавічам і за тое, што навучылі правілам дарожнага руху. Цяпер флікер у Дзмітрыя заўсёды з сабой.

“ДАІ тут сур’ёзнае, мяне ўжо злавілі без флікера, калі на папутцы з Магілёва ехаў”.

Не баіцца настаўнік і службы ў войску, калі яго забяруць падчас летняга прызыву. Увесь тэрмін праходжання службы залічаць як размеркаванне.

Але, нягледзячы на ўсе выгоды, заставацца ў Смілавічах Дзмітрый жадання не мае і збіраецца знайсці працу геадэзіста ў Магілёве. Кажа, што ўжо з першага месяца працы будзе мець паўтары мільёны рублёў. Але настаўніцкі хлеб — гэта добрая загартоўка на будучыню.

Система Orphus
поделиться