БНФ — першая дэмакратычная палітычная сіла ў найноўшай гісторыі Беларусі, створаная ў кастрычніку 1988 г. Галоўная мэта БНФ — свабодны чалавек у незалежнай еўрапейскай Беларусі.

Партыя БНФ — за еўрапейскі выбар Беларусі.

Устаноўчы з'езд БНФ адбыўся 24-25 чэрвеня 1989 года ў Вільні — правесці з'езд у Мінску не дазволіў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР.

БНФ узнік на хвалі нацыянальнага ўздыму, штуршком якому паслужыла адкрыццё двух археолагаў (Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва) масавых захаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій ва ўрочышчы Курапаты пад Мінскам. Першым кіраўніком БНФ абраны Зянон Пазняк.

19 лютага 1989 г. яшчэ ў якасці аргкамітэту БНФ арганізаваў першы апазіцыйны мітынг у Беларусі, які сабраў каля 40 тысяч чалавек. Рэзалюцыя мітынгу патрабавала адмяніць замацаваную Канстытуцыяй кіруючую ролю камуністычнай партыі.

У 1989 г. шэраг дэмакратычных актывістаў пры падтрымцы БНФ выбіраюцца ў Вярхоўны Савет СССР.

25 лютага 1990 г БНФ арганізуе мітынг з удзелам 100 тысяч чалавек супраць недэмакратычных выбараў. Пасля выбараў у Вярхоўным Савеце ствараецца фракцыя БНФ: 37 чалавек з 345 дэпутатаў.

У 1992 г. БНФ арганізуе збор подпісаў за правядзенне датэрміновых выбараў у Вярхоўны Савет, і збірае 450 тысяч подпісаў. Вярхоўны Савет адмаўляецца прымаць адпаведную пастанову.

У 1995 г. у вярхоўны Савет Беларусі не праходзіць ніводны кандыдат ад Партыі БНФ.

У 1996 г. старшыня БНФ Зянон Пазняк эмігруе, асцерагаючыся магчымасці фізічнай расправы. Намінальна палітык заставаўся старшынём БНФ, але абавязкі старшыні выконваў Лявон Баршчэўскі.

31 ліпеня – 1 жніўня 1999 г. адбыўся VI з'езд БНФ "Адраджэнне", пасля якога Сойм БНФ і Сойм Партыі БНФ прыняў рэзалюцыю аб недапушчальнасці расколу ў партыі і прызначылі на 30-31 кастрычніка 2 сесію з'езду. З'езд тады так і не адбыўся.

У снежні 1999 г. з'езд Партыі БНФ выбірае старшынём Вінцука Вячорку. Частка дэлегатаў на чале з Зянонам Пазняком ствараюць Кансерватыўна-хрысціянскую партыю БНФ.

У 2001 г. структуры Партыі БНФ працуюць на прасоўванне кандыдатам у прэзідэнты гродзенскага палітыка Сямёна Домаша, пасля — адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл Уладзіміра Ганчарыка.

У 2005 г. Партыя БНФ ініцыюе абранне лідэрам Аб'яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча.

На XI з'ездзе ў снежні 2007 года старшынём Партыі БНФ абраны Лявон Баршчэўскі.

На XII з'ездзе 5 верасня 2009 года старшынём Партыі БНФ абраны Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч нарадзіўся 30 чэрвеня 1976 года ў Мінску. У 1997 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт па спецыяльнасці "кіраванне знешнеэканамічнай дзейнасцю".

У Партыі БНФ — з 1996 года, з 1999-га — член сойма, з 2003-га — намеснік старшыні. Вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на выбарах у мясцовыя саветы (2003 і 2007 гады), у Палату прадстаўнікоў (2004 і 2008 гады).

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 2006 года быў даверанай асобай Аляксандра Мілінкевіча.

Кантакты

Адрас: пр-т Машэрава, 8
220005, г.Мінск, Беларусь


Тэлефон: +375-(017)-284-50-12

Сайт: www.pbnf.org
Эл.пошта:
[email protected] - Старшыня партыі

[email protected] - Прэс-сакратар

[email protected] - Моладзь БНФ