Дык хто ў Беларусі лідэр?

Паспаліты люд натапырыўся. Шок студзеньскай оба-на-дэвальвацыі спарадзіў трывожныя чаканні. 55,5% апытаных у сакавіку беларусаў лічаць, што сёлета можа быць яшчэ адна рэзкая дэвальвацыя.

Тая ж, што грымнула 2 студзеня, значна адбілася на матэрыяльным становішчы 45,5% рэспандэнтаў, нязначна закранула 35,4%. Папярэднія заявы ўладаў, што абвалу не будзе, каля дзвюх трацін (64,2%) нашых суайчыннікаў кваліфікуюць як падман. 42,4% пасля гэтага сталі меней давяраць уладам.

Увогуле беларусы, мякка кажучы, не ідэалізуюць тых, хто кіруе краінай.

Адносная бальшыня (37,5%) лічыць, што ў Лукашэнкавым атачэнні — шэрыя, пасіўныя і недастаткова кваліфікаваныя кадры. 43,5% перакананы, што ва ўладзе — людзі, заклапочаныя выключна ўласным дабрабытам і кар’ерай.

Нарэшце, на першым месцы сярод імаверных прычын стварэння нашумелай Грамадскай кансультатыўнай рады на чале з Макеем, па версіі апытаных — жаданне атрымаць чарговы крэдыт МВФ!

Толькі 17,3% беларусаў мяркуюць, што імі кіруе добрая каманда палітыкаў, якая вядзе краіну правільным курсам. Але пры гэтым — вось ён, беларускі парадокс — прыхільнікаў улады болей, чым праціўнікаў: 32,8% супраць 21,6%.

Самай жа вялікай групай нашага грамадства ёсць балота: 38,7% адказалі, што не думалі, да якога з гэтых лагераў сябе прылічыць, і ім гэта абыякава. Карацей, "пафігізм" дамінуе.

Пры гэтым толькі 10,5% з тых, хто верыць у кардынальныя палітычныя перамены цягам наступных пяці гадоў, мяркуюць, што іх здольна ініцыяваць беларуская апазіцыя.

А вось горкая пігулка для энтузіястаў еўрапейскага выбару: толькі 37,1% нашых суайчыннікаў пачуваюцца еўрапейцамі, адмоўны адказ на гэтае пытанне далі аж 52,8%.

Яшчэ адна пігулка для нацыянальна свядомай эліты: 48,6% суайчыннікаў падтрымліваюць стварэнне адзінай з Расіяй сістэмы супрацьпаветранай абароны. Красамоўны і расклад галасоў у пытанні "Як вы лічыце, ці мусіць Беларусь следам за Расіяй прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі?". Так — 44,6%, не — толькі 7,7%.

Такім чынам, Лукашэнка, цягнучы рызіну (стала вядома, што ў папярэдні парадак дня вясновай сесіі Палаты пытанне аб мяцежных правінцыях Грузіі не ўлучана), фактычна кідае выклік не толькі Крамлю, але і айчыннаму vox populi.

Іншая рэч, што сам гэты "вокс" выразна прарасійскі. Значная частка беларускага грамадства — па-ранейшаму ў ментальным палоне саўка і замбуецца маскоўскімі тэлеканаламі (іх глядзяць 85,6%).

Тым болей актуальная задача ўлучыць Беларусь у еўрапейскі кантэкст праз самы рэальны ў агляднай перспектыве інструмент — "Усходняе партнёрства". На гэтым фоне дыскусія, хто паляціць у тую Прагу, — хоць і не пустая, але, далібог, другасная. Зараз тая сітуацыя, калі Беларусі трэба вырывацца з Азіёпы, як у тым старым анекдоце, "хоць тушкай, хоць чучалам".

Ну а што да Лукашэнкі, то ягоны электаральны рэйтынг, насуперак прагнозам палітычных праціўнікаў (маўляў, крызіс з дэвальвацыяй адгукнуцца!), ад снежня да сакавіка практычна не пахіснуўся: быў 40,2%, стаў 39,2%.

Феномен адносна высокай падтрымкі яго ў беларускім грамадстве 44,2% апытаных тлумачаць немудрагеліста: "Проста няма нікога іншага, хто быў бы лепшы". Паказальна, што толькі 15,1% матывуюць тэфлонавы рэйтынг нязменнага прэзідэнта ягонымі асабістымі і дзелавымі якасцямі. Яшчэ меней — 13,1% бачаць прычыну ў рэальных поспехах і дасягненнях афіцыйнага кіраўніка.

Такім чынам, мы бачым трыумф ідэалагемы, што ў кране — адзін палітык. З аднаго боку, беларусы з іх цвяроза-крытычным мысленнем зусім не абагаўляюць Лукашэнку (як і ўсю кіроўную каманду). З іншага боку, за 15 гадоў амаль што палове нашых суграмадзян убілі ў галовы, што выбару няма.

Таму сёння крытычна важна, каб у краіне з’яўляліся хаця б пробліскі канкурэнтнай палітыкі. І другое — развіццё недзяржаўных СМІ. Не выпадкова кіроўная вярхоўка так злосна рэагуе нават на рэдукаваныя патрабаванні Еўропы ў гэтых галінах.

Лукашэнка ж, як вынікае з апытання, не цар, не бог і не герой, а проста — лідэр на бязрыб’і. Бязрыб’е ж не таму, што ў нас краіна зломкаў. А таму, што 15 гадоў ўсе палітычныя альтэрнатывы глушылі тыпова браканьерскімі спосабамі.

поделиться