"Піўны путч" брэсцкіх прадпрымальнікаў

"Еўрарадыё", БалаПАН

5 траўня набыло моц рашэнне Брэсцкага аблвыканкаму аб забароне продажу піва ў шапіках на прыпынках. Каля 50 прадпрымальнікаў з усёй вобласці сабраліся ля аблвыканкаму.

На імправізаваным мітынгу прадпрымальнікі сцвердзілі, што 5 мая іх шапікі не працуюць. Страйк. Міліцыянтка ўсё акуратна здымала.

Прадпрымальнік Ігар сказаў Еўрарадыё: – Сутнасць у тым, што калі нам забароняць прадаваць піва на прыпынках, дык паменшыцца і продаж спадарожных тавараў. Выручка піва дае 40-50% агульнага абароту. Нам проста тады няварта будзе гандляваць. Вымушаныя будзем звальняць людзей і закрываць справу.

Прадпрымальнікі паведамілі, што раней яны хадзілі да намесніка старшыні аблвыканкама Міхаіла Юхімука, але безвынікова.

Неўзабаве на групу звярнула ўвагу міліцыя. Пачаліся перамовы.

Вадзім, прадпрымальнік з Пінска, абураецца: – Піва можна купіць літаральна ў некалькіх метрах ад прыпынка ў дзяржаўных шапіках. У Пінску гэта на кожным кроку так. Дык які тады сэнс гэтай забароны?

Паводле Вадзіма, у Пінску 5 мая страйкавалі 20% уладальнікаў шапікаў. Рэшта баіцца.
На піўны путч гэта яўна не было падобна.

Карэспандэнт Еўрарадыё спытаў у аднаго з прысутных: – Я чуў тут словы, што "мы не супраць прэзідэнта, падтрымліваем палітыку ўладаў, дайце нам толькі гандляваць півам". Вы падтрымліваеце гэта?

Прадпрымальнік: – Я дык, уласна кажучы, не. Мы супраць таго, што прынялі мясцовыя ўлады. Але гэта скрозь па Беларусі так. Адно ў Віцебскай вобласці "Перспектыва" адстаяла піва.

Кіраўніка Рэспубліканскага аб’яднання прадпрымальнікаў "Перспектыва" Анатоля Шумчанку і хедмэна брэсцкай суполкі "Перспектывы" Віктара Чайкоўскага затрымалі на пад’ездзе да плошчы Леніна.

Актывісты "Перспектывы" прыехалі ў Брэст, каб уручыць дэпутатам абласнога савета зварот уладальнікаў кіёскаў.

Міліцыянты заявілі Шумчанку, што ён падобны да чалавека, абвешчанага ў вышук. Затрыманых даставілі ў міліцэйскі пастарунак, праверылі дакументы і ўзялі тлумачэнні наконт іх знаходжання ў Брэсце.

Па словах Шумчанкі, міліцыянты папросту не ведаюць, што рабіць з затрыманымі. Іх ужо збіраліся адпускаць, але ўбачылі групу рэпарцёраў каля аддзела міліцыі і прапанавалі неўпрыкмет з'ехаць з горада на сваёй машыне. Кіраўніцтва "Перспектывы" адмовілася ад таемных уцёкаў.

Прадпрымальнік Аляксандр Кузуб аб’явіў, што на акцыю прыехалі прадстаўнікі ўсіх буйных гарадоў вобласці і што будуць сабраныя подпісы пад зваротам да абласных дэпутатаў з прапановай аб сустрэчы.

Карэспандэнт Еўрарадыё: - Грамадскасць не вельмі вітае продаж піва, таму што пашыраецца піўны алкагалізм, співаецца моладзь. Ці прапанавалі вы ўладам нейкую альтэрнатыву, можа, хай вам у чым другім далі паслабленні?

Аляксандр Кузуб: – Так, гэта вельмі спрэчнае пытанне, што гэтая забарона будзе мець станоўчы вынік. Бо паводле інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта доля піва ў алкагольнай прадукцыі ўсяго 9,6 % (ў першым квартале). Нашае піва на прыпынках - гэта зусім малы працэнт ад гэтых 9,6%, так што тут барацьбы не атрымаецца.

Прадпрымальнікі арганізавана перайшлі на плошчу насупраць аблвыканкама, дзе сабралі подпісы і панеслі іх у абласны Савет.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров