Янка Запруднік: "Тутэйшыя" маюць шанец стаць беларусамі

"Заўтра тваёй краіны"

Што падказваюць рэкламныя расцяжкі у часе святкавання Дня незалежнасці чалавеку, які мае крыху цвярозага розуму? Як купалаўскія "тутэйшыя" асвойталіся ў віртуальная прасторы? І на якім грунце сённяшняя фармальная дзяржаўнасць набудзе свой змест? Цэментуючыя чыннікі беларускай нацыі разам з "Заўтра тваёй краіны" шукае адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай эміграцыі Янка Запруднік.

- У беларускім грамадстве ў звязку са святкаваннем 1000-годдзя летапіснай згадкі пра Літву распачалася дыскусія наконт таго, хто такія беларусы і колькі ім гадоў. А вы, як лічыце, колькі?

- Гэта складаная тэма -- што такое нацыя, паводле якіх крытэрыяў яна вызначаецца. Сёння сярод палітолагаў і гісторыкаў ідуць спрэчкі. Адныя кажуць, што нацыя – вечнае. А другія -- што гэта ўяўнае, тыя ідэі дадзенага гістарынай эпохі, якія людзі маюць. Я больш трымаюся таго, што нацыя вечная. Вазьміце нашых продкаў: і Рагвалод, і Рагнеда і святая Еўфрасіння Полацкая – яны нашыя папярэднікі, нашыя суродзічы.

- Такім чынам, прапаноўваеце весці адлік з часоў першай згадкі пра Полацкае княства ў 980 годзе?

- Так, беларусы пачаліся ад Полацкага княства. Але і сёння ў нас поўна праблемаў з самаідэнтыфікаванасцю нацыі. Бо наогул жыццё кожнай дынамічнай адзінкі, кожнай дынамічнай групы не адбываецца без праблемаў, таму што дынамічнасць – гэта і ёсць дачыненне з праблемамі. А сярод беларусаў цяпер заўважаецца ўздым на грунце аптымізму. Мы гатовыя да запаўнення тых нястачаў, якія фактычна сталіся вынікам нашага гістарычнага развіцця.

- Што ў нашай гісторыі, на ваш погляд, больш за ўсё вызначыла наяўнасць гэтых нястачаў?

- Геапалітыка. Хоць мне і не падабаецца акрэсленне месца Беларусі як "паміж", але ў нас не атрымлівалася знаходзіцца "у цэнтры", таму што гістарычныя вятры з Усходу на Захад і з Захаду на Усход веялі так, што ваенныя канфлікты ўвесь час развіваліся на нашых землях. І яны пакінулі цяжкія вынікі на тэрыторыі Беларусі, асабліва ў тым, што тычыцца самадэнтыфікацыі. "Тутэйшыя" Янкі Купалы вельмі добра адлюстроўваюць гэтую разгубленасць. І ўрэшце, у самой гэтай “тутэйшасці” ёсць сімвалізм – трымацца за зямлю, быць тут. Часы мінаюць, але і сёння нават у назве Інтэрнет-сайта - TUT.BY - гэта ў пэўным сэнсе адлюстравана.

Дзяржаўнасць Беларусі ў мінулыя стагоддзі была адметная. І сучасная дзяржаўнасць своеасаблівая таксама. Яна пакуль не дае магчымасць разбудоўвацца паводле патрэбаў свайго народу, сваёй нацыі. А гэтыя патрэбы ўключаюць не толькі культуру, але і эканоміку.


- І што мы як нацыя маем у выніку?

- Кажуць, у жыцці ўсё ацэньваецца ў параўнанні, перш за ўсё з блізкім наваколлем. У нашым выпадку гэта суседнія дзяржавы – Расія, Польшча, Украіна, прыбалтыйскія краіны. І гэтае параўнанне, на жаль, не на нашую карысць. У нас няма ні тых дасягненняў, ні таго духоўнага камфорту, які адчуваюць нашыя суседзі. А хочацца пачувацца годным, роўным з іншымі. Але да гэтага мы яшчэ не дараслі.

Нам не суджана было ісці ў крок з суседнімі дзяржавамі. І гэты крок мы робім цяпер, больш напорыста дапамагаючыся таго, што нам належыць паводле законаў прыроды і справядлівасці.


- Як вы лічыце: сённяшняя сітуацыя ўнутры краіны спрыяе самавызначэнню беларусаў?

- Сітуацыя робіцца больш спрыяльнай. Так мне падаецца. Я ў Беларусі ўжо амаль тры тыдні. Усюды паслядоўна карыстаюся беларускай мовай. І нідзе не адчуў стаўлення рускамоўнай публікі, да якой я звяртаўся, кшталту "Говори на человеческом языке".

- Але ж і па-беларуску з вамі не так ужо шмат людзей на вуліцах размаўляла, ці не праўда?

- Так, беларуская мова тут этнаграфічная дэкарацыя пакуль што. Тым не менш яна ёсць, прысутнічала нават на рэкламных расцяжках у часе святкавання Дня незалежнасці. Калі чалавек мае беларускае сэрца і крыху цвярозага розуму, ён зразумее, што гэта сігналы з будучыні, што ёсць магчымасць ісці ў кірунку беларускасці.

- У каго, вы лічыце, сёння больш праблем з тым, каб пачувацца беларусамі: у прадстаўнікоў дыяспары ці ў тутэйшых?

- Існаванне па-за межамі краіны своеасаблівае. Дыяспара адчувае сябе бы падвешаная ў прасторы. А тут -- і лес, і поле, і прырода, і будынкі. Тут у людзей ёсць грунт пад нагамі. Маладое пакаленне эміграцыі ў шмат якіх выпадках не пераймае мовы. А мова – гэта ўсё ж такі нацыянальная ідэнтыфіцкацыя. Хоць мова – гэта далёка не ўсё. Патрэбныя свае і помнікі мінуўшчыны, і традыцыі, і спосаб мыслення, і прырода, і эканоміка.

- Што павінны зрабіць беларускія ўлады, каб беларусы сталіся нацыяй?

- Па-мойму, яны шмат што і робяць за выняткам саступак на карысць мовы, якая ў вачах беларускіх дзяржаўных уладаў – вельмі выбуховы матэрыял. Я, да прыкладу, пабачыў наколькі інтэнсіўна разбудоўваецца інфраструктура для міжнароднага турызму, ідзе аднаўленне сядзібаў, хоць яно, можа, шмат у якіх выпадках -- не рэстаўрацыя, а замазванне вапнаю таго, што сапраўды было. Я бачыў Мірскі замак - яго аднаўляюць на аснове тых дакументаў, якія ўдалося знайсці, таму некаторыя рэчы робяцца наўгад. Тым не менш, сам замак нагадвае мінуўшчыну, Сярэдневечча, XV-XVI стагоддзе.

- Мова і замкі – хіба ж гэтага дастаткова, каб пачувацца нацыяй?

- У канцы XIX стагоддзя, калі пасля паўстання Кастуся Каліноўскага русіфікацыя была інтэнсіўная і пераследы, і вывазы ў Сібір, палякі пайшлі ў культуру. На глебе культурнага адраджэння паўстала пасля незалежная Польшча. На грунце беларускага культурнага адраджэння замацуецца тая фармальная дзяржаўнасць, якая сёння ёсць. Яна набудзе свой змест. І з часам і ў Беларусі вырасце новае пакаленне з еўрапейскімі ідэямі, дойдзе да ўстанаўлення такога ладу, які дазволіць мірным спосабам праводзіць выбары і мірным шляхам мяняць аднаго начальніка на другога.

Даведка "Заўтра тваёй краіны"

Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) - вядомы беларускі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.

Нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Мір (зараз Карэліцкі раён). У час акупацыі скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе. З 1944 г. у Германіі, затым працаваў на шахтах у Вялікабрытаніі. У 1954 г. закончыў гістарычны факультэт Лювэнскага каталіцкага ўніверсітэту ў Бельгіі. Потым працаваў на радыёстанцыі \"Вызваленне\" (зараз - \"Свабода\"). З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Нью-Ёркскім універсітэце доктарскую дысертацыю на тэму \"Палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гг.\", выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША.

поделиться

Новости по теме

    Чаму Лукашэнка загаварыў па-беларуску

    Для таго, каб Лукашэнка ўчора выступіў па-беларуску, нам трэба было пражыць у незалежнай краіне 20 гадоў. За гэты час і сам прэзідэнт прыйшоў да таго, што без беларускай мовы няма беларускай нацыі, аб чым ён заявіў пару месяцаў таму ў пасланніподробности

Новости партнёров