Каханне ды інш.

"Народная воля"

У малой зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва (пр. Незалежнасці, 47) 18 студзеня адбудзецца адкрыццё выстаўкі графічных твораў Андрэя Скіцёва "Каханне ды інш.". Аб гэтым "Народнай Волі" паведамілі ў аддзеле выставак музея.

На першы погляд, графіка Андрэя Скіцёва — адлюстраванне навакольнай рэчаіснасці ў рамках звыклай сюжэтна-тэматычнай карціны. І адначасова "другі подых" айчыннага віда мастацтва, якое за гульневым элементам і новымі тэхнікамі губляе тое, што адрознівае яго ад іншага свету. Фіксацыі жыцця нашых сучаснікаў маюць ў Скіцёва максімальную псіхалагічную афарбоўку.

Чалавек, чалавечыя пачуцці – гэта тое, што найперш хвалюе аўтара ў навакольным свеце. Гэтыя пачуцці можна разглядаць бясконца, бо яны і маюць неабмежаваную колькасць адценняў. Сярод узгаданага мноства ёсць якасці, якія тычацца месца і часу. Падаецца, што “каханне ды інш.” у сённяшняга беларуса мае пэўныя асаблівасці параўнальна з іншымі часамі і народамі. Аўтар імкнецца адсачыць гэтыя асаблівасці і стварыць партрэт месціча, набліжаны да дакументальнага.

Даведка. Андрэй Скіцёў. Нарадзіўся ў 1968 г. у Навасібірску (Расія). У 1986 г. скончыў Школу-інтэрнат імя І. В. Ахрэмчыка і ў 1994 г. Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці "жывапіс". З 1991 г. удзельнічае ў мастацкіх выстаўках. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 2005 г. Жыве ў в. Вішнёўка Мінскага р-на.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров