У Дзень беларускага пісьменства чыноўнікі прамаўлялі па-руску

UDF.BY

Дзень беларускага пісьменства сёлета адзначыўся чыноўніцкімі канфузамі.

XVIII Дзень беларускага пісьменства прайшоў 4 верасня ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці.

Як перадае БелаПАН, у адкрыцці свята ўзялі ўдзел прадстаўнікі культурнай грамадскасці, мясцовыя жыхары, супрацоўнікі міністэрстваў культуры, інфармацыі і іншых ведамстваў, замежныя дыпламаты.

Віцэ-прэм'ер Беларусі Анатоль Тозік зачытаў прывітальнае слова кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначае, што Дзень беларускага пісьменства стаў знакавай падзеяй культурнага жыцця краіны, якая сведчыць "пра багацце гістарычнай спадчыны і духоўных традыцый нашага народа".

У сваім прывітальным слове Лукашэнка нагадаў, што Ганцаўшчына непарыўна звязана з жыццём і творчасцю выдатнага песняра Якуба Коласа. Ён таксама адзначыў, што "наша дзяржава будзе заўсёды спрыяць развіццю нацыянальнай культуры і падтрымліваць творцаў, якія з'яўляюцца сапраўднымі патрыётамі сваёй Радзімы".

Прывітальнае слова было зачытанае па-беларуску. Традыцыйна на беларускай мове выступаў і міністр культуры Павел Латушка, якога падтрымаў і губернатар Канстанцін Сумар.

І чамусьці толькі першы сакратар БРСМ Ігар Бузоўскі і старшыня Союза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец вырашылі звярнуцца да удзельнікаў і гасцей свята па-руску.

Другі непрыемны момант Дня пісьменства звязаны з адкрыццём помніка Якубу Коласу, на якое не запрасілі сына беларускага песняра. Як паведамляе "Наша ніва", Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч прыехаў у Ганцавічы сам і прысутнічаў на адкрыцці помніка свайму бацьку. Але сына пісьменніка праігнаравалі, і ён стаяў у натоўпе як звычайны глядач.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров