Трусаў: Ласкава сустрэнем і палітыка, і настаўніка, і калгасніка

UDF.BY

Агульнанацыянальная дыктоўка па беларускай мове адбудзецца 21 лютага. У пяты раз яе праводзіць "Таварыства беларускай мовы" (ТБМ) у межах кампаніі "Будзьма беларусамі!".

Дыктоўкі пройдуць па ўсёй краіне 21 лютага – у Міжнародны дзень роднай мовы. У Мінску праверыць свае веды можна у 17.30 па адрасе вул. Румянцава, 13 (офіс ТБМ). Дыктаваць будзе намесніца старшыні Таварыства – Алена Анісім.

Як паведаміў сайту UDF.BY старшыня ТБМ Алег Трусаў, у якасці VIP-удзельнікаў запрошаны "амаль усе амбасадары, якія зараз знаходзяцца ў Беларусі". Асобны іспыт пачнецца для іх крыху раней: а 16-й гадзіне. Так у мінулым годзе выпрабаванне прайшлі, напрыклад, расійскі дыпламат і амбасадар Швецыі Стэфан Эрыксан.

– Але галоўныя ўдзельнікі – простыя беларусы. Мы не запрашаем персанальна больш нікога з вядомых асоб, бо прынцыпова не хочам дзяліць людзей на эліту і рабочы клас. Хай любая знакамітасць прыходзіць як просты грамадзянін: ласкава сустрэнем і палітыка, і настаўніка, і калгасніка, – запрасіў мовазнаўца.

Насамрэч, у мінулым годзе прысутнічала і "пэўнае чынавенства, але хутчэй сярэдняга ўзроўню". Магчыма, іх прывабілі памятныя прызы ад ТБМ, якія могуць атрымаць пераможцы: значкі з помнікамі, кніжкі, дыскі і г. д. Але на роўнасці ўдзельнікаў дэмакратычнасць не спыняецца:

– Мы прапануем два гатовых тэкста: верш Максіма Танка і ліст Янкі Купалы. Але жадаючыя могуць выкарыстоўваць і іншыя. У нас тут поўная дэмакратыя, – падкрэсліў Трусаў.

Сёлета да правядзення дыктоўкі далучыўся тэлеканал "Белсат", які паабяцаў зрабіць адмысловыя ручкі і бланкі для напісання. "Дыктоўку таксама пакажуць у праграме "Моўнік", – адзначыў старшыня ТБМ.

Галоўны ў краіне знаток беларускай мовы поўны аптымізму, бо бачыць штогадовае павелічэнне колькасці ўдзельнікаў:

– Летась пісалі нават у Італіі і Польшчы! А сёлета тэлефанавалі з пытаннямі аж за два месяцы, ды з рэгіёнаў. Пішуць у школах, універсітэтах, музеях, сядзібах і цэрквах – дзе заўгодна. Так што з'яўляюцца ўсё новыя формы і цікавасць расце. І гэта добра.

Даведка. Першая штогадовая Агульнанацыянальная дыктоўка адбылася 25 сакавіка 2008 года. Апошняя дыктоўка прайшла у тры этапы, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч чалавек, а тэкст прагучаў у эфіры "Еўрарадыё".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров