Беларускую дыктоўку не пусцілі ў баранавіцкую бібліятэку

Канстанцін Літвін, Intex-press

Беларускую дыктоўку, каторую планавалі правесці 2 лютага ў адной з бібліятэк, прыйдзецца праводзіць у іншым месцы. Сустрэчу з беларускім гісторыкам Анатолем Тарасам, каторую Таварыства беларускай мовы планавала правесці 27 студзеня, былі вымушаны перанесці.

"Памяшканне бібліятэкі прызначана для бібліятэчнага абслугоўвання і правядзення мерапрыемстваў, запланаваных адміністрацыяй Цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы. У планах масавай работы ЦБС вашы мерапрыемствы не прадугледжаны", - быў атрыманы адказ адміністрацыі.

Як кажа старшыня Баранавіцкай філіі ТБМ Віктар Сырыца, дыктоўка ў любым выпадку адбудзецца, але арганізатары вымушаны будуць шукаць іншае месца правядзення.

Грамадскі дзеяч расказаў, што ў прадастаўленні памяшканняў бібліятэкі таварыству адмаўляюць ужо трэці год запар. "Адмовілі, калі прыязджаў гісторык і пісьменнік Уладзімір Арлоў, нават калі быў Адам Мальдзіс, які друкуецца ў Савецкай Беларусі! У чалавека, катораму восемдзясят год, запатрабавалі нейкую даведку".

Сырыца лічыць, што аб’ектыўных прычын для таго, каб не выдзяляць таварыству памяшкання, няма: "Калі да нас прыязджаў былы міністр культуры Латушка, перад ім кіраўніцтва бібліятэкі хвалілася, што ў іх ёсць 50 памяшканняў. Мы згадзіліся б правесці сустрэчу ў любым з іх".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров