"Палац": "Ушанаваць рух ад мінулага да будучыні"

Tuzin.fm

Гурт "Палац" запрашае жыхароў сталіцы адзначыць Каляды ў клюбным фармаце. Канцэрт "Каляды ў вялікім горадзе" адбудзецца 6 студзеня 2014 году ў Re:Public.

Сёлета спаўняецца 15 гадоў праекту лідэра гурта " Палац" — "Калядныя сустрэчы з Алегам Хаменкам", які летась займеў новую назву і новы фармат. Музычна-тэатралізаваная дзея "Каляды ў вялікім горадзе" цяпер праходзіць у клюбных умовах, а не ў канцэртных залях. Гэтым разам для правядзеньня імпрэзы абраная найвялікшая клюбная пляцоўка Менску — Re:Public.

Алег Хаменка: Каляды заўсёды сьвяткаваліся людна. Гэта цудадзейная ноч, калі неабходна сабрацца разам і ўшанаваць рух ад мінулага да будучыні. Кожны раз, калі мы ладзім гэту сьвяточную імпрэзу, імкнемся зрабіць гэта аддана, якасна, шчыра. Вельмі задаволены тым, што вечарына прыпадае менавіта на вечар з 6 на 7 студзеня — у сакральны час.


Адмыслова да каляднага вечара на 6 студзеня гурт "Палац" рыхтуе вялікую сольную праграму — музыкі сыграюць песьні з свайго апошняга альбому "Кола грукатала", свае галоўныя гіты ды ўзгадае рарытэтныя рэчы — тыя кампазыцыі, якія не гучалі больш за 15 гадоў. "Сыгралі на рэпэтыцыі і ажно расчуліліся, такія крутыя творы, якія апынуліся незаслужана забытымі!" — кажа лідэр "Палацу".

Сапраўдную атмасфэру сьвята ў гэты вечар дапамогуць стварыць гурты "Літы Талер", "Ветах" і Guda. Таксама гледачам будзе прадэманстраваны сучасны варыянт традыцыйнага каляднага шэсьця.

Арганізатары "Калядаў у вялікім горадзе" заклікаюць прыходзіць на канцэрт у карнавальных строях. Пэўных патрабаваньняў тут няма — дастаткова проста ўключыць фантазію.

Канцэрт адбываваецца ў межах акцыі "Жывы Тузін", якую ладзяць партал Tuzin.fm і кампанія "Будзьма беларусамі".


6.01.2014. Каляды ў вялікім горадзе: вялікі сольны канцэрт гурта "Палац". Пры падтрымцы Guda, "Ветах", "Літы Талер". Re:Public, Мінск, вул. Прытыцкага, 62 (ст. м. Кунцаўшчына). 19:00

Квіткі — 80 000 (танцпляц, папярэдне), 100 000 (танцпляц, у дзень), 100 000 (столікі, папярэдне), 120 000 (столікі, у дзень). Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY

Ніжэй можна пабачыць відэа з канцэрту "Каляды ў вялікім горадзе-2013".

Новости по теме

Новости других СМИ