Еўразвяз дасць грошы на канал Азаронка?

"Радыё Рацыя"

У сакавіку бягучага году ў Беларусі быў створаны тэлеканал "Жэст ТВ" для людзей з парушэннямі слыху. Пакуль тэлеканал вяшчае толькі ў Менску і раёне, але мяркуецца, што з наступнага году вяшчанне будзе ахопліваць усю Беларусь. Разам з тым шматлікія інфармацыйныя агенствы адзначалі, што гэты тэлеканал узначаліў Юры Азаронак, які вядомы сваімі фільмамі "Дзеці хлусні".

Пра тэлеканал "Жэст ТВ" даведаліся ў амбасадзе Велікабрытаніі ў Менску. Інна Рамашэўска, прадстаўніца амбасады адзначыла, што на мінулы тыдні з кіраўніцтвам тэлеканала і прадстаўніцтвам супольнасці глухіх сустракалася часовая намесніца старшыні місіі амбасады Джэйн Кардэл:

- Паколькі спадарыня Кардэл дыпламат высокага рангу і яна таксама глухая, яна асабліва цікавіцца пытаннямі абароны правоў людзей, якія маюць праблемы парушэння слыху ў Беларусі і Польшчы. Падчас сустрэчы на мінулым тыдні яна таксама дала інтэрв'ю гледачам гэтага тэлеканалу.

- Збоку Джэйн Кардэд была выказана прапанова стварыць праект фінансавання тэлеканала за кошт сродкаў Еўрапейскага саюзу ў межах Усходняга партнерства?

- Спадарыня Кардэл паведаміла пра магчымасць атрымання падтрымкі каналу праз ініцыятыву Усходняга партнерства, да якой ў гэтым годзе далучылася Беларусь. Чакаецца, што ў межах гэтай ініцыятывы будзе падтрымана ў тым ліку праекты, якія накіраваны на абарону правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама на пашырэнне іх удзелу ў грамадскім жыцці.

- Ці магчыма сёння казаць пра пэўныя сумы, каштарысы гэтых праектаў?

- Гэтыя дэталі пакуль не былі абмеркаваны. І калі будзе прынята рашэнне накіраваць гэты праект на разгляд ва Усходняе партнёрства, рашэнне і інфармацыя будзе прымацца і прадстаўляцца адпаведнымі інстытутамі.

- У Беларусі СМІ не адпавядаюць еўрапейскім крытыэрыям свабодных, тэлеканал кіруецца Юрыям Азаронкам, які вядомы сваімі прапагандысцкімі фільмамі супраць апазіцыі і заходнееўрапейскіх структур. Ці не стане гэты момант крытыкай гэтай ініцыятывы?

- Паводле тых звестак, якія мы атрымалі - гэта канал з'яўляецца сацыяльна-пазнавальным сямейным каналам. І яшчэ раз падкрэсліваем, што калі будзе прынята рашэнне накіраваць такі праект на разгляд ва "Усходняе парнёрства", рашэнне будзе прымацца тымі інстытутамі, якія адказваюць за прыняцце рашэнняў такога чыну.

У гэтай сітуацыі варта адзначыць, што такі канал аб'ектыўна, вельмі неабходны. Праўда, пасля сустрэчы з кіраўніцтвам тэлеканала і прадстаўнікамі супольнасці глухіх, не былі сказаны падрабязнасці сустрэчы. Як адзначае Аляксей Хадыка, які сустракаўся з прадстаўнікамі амбасады, не называлі нават прозвішчы прысутных на сустрэчы:

- Было сказана пра сустрэчу, але брытанскі бок не пажадаў называць чамусьці імён. Разам з тым было адназначна сказана пра тое, частка фінансавання праграмы Усходняга партнёрства будзе ісці на фінансаванне праграм гэтага тэлеканала, які стане бадай першым у Еўропе каналам з сурдаперакладам.

Нагадаю, што кіраваць каналам быў прызначаны некаторы час таму назад сумнавядомы Юрый Азаронак. Які для Беларускага тэлебачання стварыў цыкл фільмаў "Дзеці хлусні", скіраваны не толькі супраць апазіцыі, але і заходніх структур. Аглядальнік Раман Якаўлеўскі падкрэслівае гэты момант і задае пытанне адкуль сродкі на такі канал, тым больш падчас крызісу. Да таго ж само інфармацыйнае напаўненне канала таксама выклікае заклапочанасць:

- Узнікае версія, што нехта жадае паказаць парпагандысцкія фільмы Азаронка з сурдапераводам і за кошт еўрапейскіх сродкаў. Гэта выглядае дзіўна і таямніча. У Беларусі сёння няма незалежнага тэлебачання. Усе каналы звязаны з уладай, тым больш калі ідзе размова пра тэлебачанне ў якім кіруе Азаронак.

Рацыя датэлефанавалася і да рэдактара канала Юрыя Азаронка. Ён аптымістычна бачыць будучае каналу. Пакуль, паводле яго словаў, складана казаць пра напаўненне тэлеканала беларускімі навінамі, але тым не менш плануецца ў будучым стварэнне сваёй уласнай сеткі кажа Юрый Азаронак:

- У перспектыве нам будуць прадстаўляцца навінавыя матэрыялы з вядучых беларускіх тэлеканалаў і мы мяркуем стварэнне сваёй навінавай праграмы. А пры нармальным развіцці мы зможам таксама мець таксама і па прынцыпу АТН, канешне, праўда, у меншых памерах, то будуць і свае навіны. А цяпер у нас пакуль што толькі пазнавальны-інфармацыйныя праграмы плануюцца да выхаду ў бліжэйшай перспектыве. Гэта праграмы не толькі пра жыццё людзей з абмежаваным слыхам, але і наагул пра людзей, якія патрабуюць сацыяльнай падтрымкі.

На пытанне пра магчымасці фінансавання каналу з Еўрасаюзу Юрый Азаронак адказаў наступнае:

- А адкуль у вас інфармацыя? Пакуль гэтая інфармацыя закрытая. Перамовы з спадарыняй Кардэл былі літаральна на мінулым тыдні. Мы перадалі ей інфармацыю, яна засталася задаволеная нашым каналам. І яе рэкамендацыя была звярнуцца ва "Усходняе партнерства".

- Але на якой стадыі працы над праектам?

- Літаральна на мінулым тыдні спадарыня Кардэл была ў нас у гасцях.

Азаронак так і не адказаў пра падрабязнасці працы над праектам. Рашэнне ж па праекце будзе прымацца адпаведнымі камісіямі ва Усходнім партнерстве. Польскі палітык Януш Онышкевіч у інтэрв'ю Рацыі сказаў, што сама па сабе ініцыятыва стварэння каналу вельмі добрая, але з увагі на кіраўніцтва канала і яго антыдэмакратычныя погляды, то гэта не лепшая магчымасць дэмакратызацыі грамадства:

- Стварэнне тэлебачання для глухіх - гэта вельмі добрая ініцыятыва. Іншая справа, што мы павінны канцэнтраваць намаганні, якія будуць стымуляваць стварэнне ў Беларусі дэмакратыі. І таму калі кіраўніцтва станцыі пралукашэнкаўскае і антыапазіцыйнае, то гэта не лепшая ініцыятыва, якая прапанавана на разгляд Усходняга партнерства.

Паводле намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца вядома, што ў Белаусі няма незалежнага тэлебачання. Таму эксперт выказвае таксама перасцярогу, што сродкі з Еўрасаюзу могуць пайсці не на карысць. І гэта магчыма той выпадак, калі добрая ініцыятыва можа быць сапсаваная выкананнем.

поделиться

Новости по теме

    На "Белсаце" новае кіраўніцтва

    Рашэннем Кіраўніцтва Польскага публічнага тэлебачання сп. Агеншка Рамашэўска-Гуза адхіленая ад пасадаў ў дырэкцыі Тэлеканала "Палонія" і кіраўніцы тэлеканала "Белсат". Пра гэта яна паведаміла ў інтэрв’ю Радыё Рацыя.подробности

Новости партнёров