Выхад "Народнай волі" могуць прыпыніць

БАЖ

Міністэрства інфармацыі 24 студзеня вынесла папярэджанне недзяржаўнай грамадска-палітычнай газеце "Народная воля" за распаўсюд нібыта не адпаведнай рэчаіснасці інфармацыі (арт. 4 закона "Аб СМІ").

Нагодай для санкцыі стала нататка ў нумары 193–194 "Народнай волі" ад 11–14 снежня, у якой рэдакцыя прапаноўвала чытачам пералік гандлёвых кропак "Белсаюздруку" ў Мінску, дзе можна на больш выгадных умовах аформіць падпіску на газету. Такая падпіска атрымліваецца танней, чым, напрыклад, праз паштовыя аддзяленні. "НВ" назвала гэтыя ўмовы "ільготным тарыфам".

Мінінфармацыі палічыла ўжыванне гэтага словазлучэння парушэннем. "Паводле інфармацыі, прадастаўленай РУП "Белсаюздрук"(…), дадзеныя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, паколькі згаданая арганізацыя аказвае паслугі па прыёме падпіскі на друкаваныя сродкі масавай інфармацыі на падставе зацверджанага Міністэрствам інфармацыі тарыфу. Пры гэтым якога-небудзь ільгатавання па газеце "Народная воля" не прадугледжана", — паведамляецца ў дакуменце за подпісам новапрызначанага міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага.

Гэта ўжо другое цягам года папярэджанне на адрас выдання. Нагадаем, што рэдакцыю "НВ" пісьмова папярэдзілі 17 лістапада за артыкул "…Не мешай другим отстаивать свободу" (№ № 169–170 ад 30 кастрычніка — 2 лістапада). Міністэрства палічыла, што ў артыкуле "ўтрымліваўся заклік перашкаджаць законнай дзейнасці ЦВК, а таксама заклік да іншай дзейнасці, якая адносіцца да экстрэмісцкай". 27 лістапада рэдакцыя накіравала ліст ў Мінінфармацыі, у якім выказала сваю нязгоду з папярэджаннем, але міністр пакінуў яго ў сіле.

Між тым, паводле арт. 51 п. 2.2. закона "Аб СМІ", вынясенне рэдакцыі альбо заснавальніку СМІ на працягу года двух і больш папярэджанняў можа пацягнуць за сабой прыпыненне выпуску гэтага СМІ.

"Папярэдзіць газету, пусціць яе ў сістэмы распаўсюду, закрыць і г.д. — гэта не пытанне выканання альбо парушэння нейкім СМІ заканадаўства, а выключна пытанне палітычнай волі, — лічыць намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец. — Міністэрства інфармацыі лёгка можа знайсці нагоду для вынясення папярэджанняў на самых нязначных падставах.

Абскарджванне папярэджання вельмі дорага каштуе — 20 базавых велічынь. З улікам таго, што рэдакцыі недзяржаўных СМІ не надта вераць у магчымасць вырашыць праблему ў судовым парадку, няшмат хто з іх гатовы пайсці на такія выдаткі. Але гэта праблема не рэдакцыі, а беларускага правасуддзя і беларускага заканадаўства, якое стварае прававыя магчымасці для закрыцця газеты. Пра што БАЖ казаў яшчэ на стадыі разгляду законапраекта "Аб СМІ" ў Палаце прадстаўнікоў"
.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров