Памёр Рыгор Барадулін

Радыё "Свабода"

Пра гэта Свабодзе паведаміў Уладзімер Арлоў.

Рыгор Барадулін нарадзіўся 24 лютага 1935 году, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласьць.

Працаваў рэдактарам у розных пэрыядычных выданьнях (сярод іх — газэта "Советская Белоруссия", часопісы "Бярозка", "Полымя"), а таксама ў выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". У выдавецтве "Мастацкая літаратура" працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН (1984).

Пачаў друкавацца з 1953 году, першыя вершы былі зьмешчаныя ў газэце "Чырвоная змена". Першы зборнік паэзіі — "Маладзік над стэпам" — выйшаў у 1959 годзе.

Да 25-годзьдзя пантыфікату Папы Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі Папы Рымскага Яна Паўла II "Рымскі трыпціх" і меў магчымасьць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 г. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты". Зборнік "Руны Перуновы" (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Пераклаў на беларускую мову п’есу "Вей, вятрок!" Яна Райніса (1980), зборнікі твораў "Блакітны звон Грэнады" Гарсія-Лёркі (1975), "Мэлёдыя каліны" Івана Драча (1981), "Ветраліст" Габрыелі Містраль (1984), "Рубаі" Амара Хаяма (1989); "Слова пра паход Ігараў" (1986), кнігу Яна Паўла II, а таксама асобныя творы Шэксьпіра, Байрана, Неруды, Гільена, Міцкевіча, Бранеўскага, Ясеніна, Гамзатава.

Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званьне Народнага паэта (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў "Рум" і пераклады з Фэдэрыка Гарсіі Лёркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам Знак Пашаны, латыскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званьне Афіцэра Ордэна (4 ступень) 23 красавіка 1997 г.) і мэдалём Францыска Скарыны. Барадулін зьяўляецца Ганаровым доктарам БДУ й ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёну.

У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў "Ксты").

Новости по теме

Новости других СМИ