Азербайджан "падкупляў" галасаванне на "Еўрабачанні" ў Беларусі і Літве?

"Еўрарадыё"

Невядомыя заплацілі беларускім студэнтам, каб яны галасавалі за Азербайджан, ды нават адвезлі на аўтобусах на літоўска-беларускую мяжу. Паводле падлікаў Еўрарадыё, такая акцыя каштавала каля 55 мільёнаў рублёў.

Еўрарадыё даведаліся пра дзіўную акцыю, якую арганізавалі невядомыя асобы падчас галасавання на "Еўрабачанні". У розных аўтапарках Мінска на гэты час былі заказаныя 10 аўтобусаў. У іх размясцілі беларускіх студэнтаў і павезлі ў бок беларуска-літоўскай мяжы, у накірунку Паставаў. На месцы пасажыры аўтобусаў спачатку прагаласавалі з беларускіх "сімак" за прадстаўніка Азербайджана, а потым ім раздалі "сімкі" літоўскія — і яны прагаласавалі яшчэ раз.

Еўрарадыё вырашыла праверыць гэтую інфармацыю. Асабліва з улікам балаў, якія атрымалі азербайджанцы Айсель і Араш з песняй "Always": ад Беларусі 10 балаў і 5 балаў ад Літвы. У Беларусі Азербайджан нават Расію апярэдзіў! Ды наогул у Айсель і Араша сенсацыйнае трэцяе месца на "Еўрабачанні"! Уявіце сабе — каб не Рыбак, кожны бал ад краіны быў бы вырашальным пры вызначэнні пераможца конкурсу.

Кіраўнік азербайджанскай дыяспары ў Беларусі, таварыства "Габустан" Націк Багіраў кажа, што нічога не ведае пра такую акцыю.

Націк Багіраў: "Мне б нават цікава было б даведацца — хто вам такую інфармацыю даў, што аўтобусы наймалі, ехалі на мяжу. Дыяспара такога не арганізоўвала. Усё, што робіць дыяспара, праводзіцца пры маім непасрэдным кіраўніцтве. Такога не было, каб масава замовілі аўтобусы і ехалі на мяжу. Павінен быў бы замаўляць я. Альбо па маім даручэнні мае намеснікі. Але гэтага не было".

А тое, што канкурсанты на "Еўрабачанні" атрымалі высокі бал ад Беларусі, а па агульным выніку занялі трэцяе месца, ён наўпрост звязвае з выбітнасцю песні і нумара.

Націк Багіраў: "Трэцяе месца — гэта галасаванне не толькі беларускай і літоўскай дыяспары. Гэта ж, напэўна, увесь свет галасаваў, уся Еўропа галасавала".

Сумняваецца ў такім турнэ да літоўскай мяжы сябра беларускага журы "Еўрабачання" Сяргей Маліноўскі.

Сяргей Маліноўскі: "Я ў гэта не веру абсалютна. Я такога не чуў, і мне гэта падаецца бязглуздай чуткай. А я слаба сабе ўяўляю, каму гэта можа быць цікава, акрамя азербайджанскай дыяспары. Але няма, мне падаецца, у нашай дыяспары такіх рэсурсаў і такіх грошай, каб такім масавым чынам галасаваць. Апроч таго, шмат хто і ў іншых краінах галасаваў за Азербайджан".

Нумар Азербайджана, кажа сябра журы, быў варты таго, каб за яго аддаць свой голас.

Сяргей Маліноўскі: "Быў вельмі добры нумар. Там жа апроч азербайджанскай спявачкі (якая, дарэчы, і не зусім азербайджанская — яна вырасла ў Еўропе) быў Араш, якога вельмі любяць і ведаюць. "Еўрабачанне" — такі конкурс, дзе глядзяць на талент выканаўцы, і не мае значэння, з якой ён краіны. А нумар быў добры, запамінальная песня. Вельмі прыгожая дзяўчынка, што таксама важна".

Тым не менш, Еўрарадыё патэлефанавала ў сталічныя аўтапаркі. Афіцыйна на гэтую тэму размаўляць адмовіліся, але неафіцыйна ўсё пацвердзілі. Аўтобусы замаўляліся не ў адным месцы, а па два-тры з некалькіх аўтапаркаў. І ўсе ехалі ў бок Паставаў. Там прастаялі каля 20 хвілін і рушылі ізноў у Мінск.

Кіроўцы паведамілі, што кожнаму з удзельнікаў "еўрааўтапрабегу" арганізатары на іх вачах заплацілі па 100 тысяч рублёў. Да таго ж арэнда аднаго аўтобуса з Мінска да Пастаў каштуе каля 1 мільёна рублёў.

Еўрарадыё падлічыла, што арэнда 10 аўтобусаў абыйшлася ў 10 мільёнаў. Калі ў кожным аўтобусе было каля 45 чалавек, то сума ўзнагароджання ім — 45 мільёнаў. У выніку атрымалася 55 мільёнаў рублёў. Затое Азербайджан атрымаў 450 галасоў у абедзвюх краінах!

Цікава, што кіроўцы прызналіся, што нічога дзіўнага ў гэтым выездзе не бачаць. Згодна з іх словамі, гэтак адбываецца кожнае "Еўрабачанне". Толькі краіны, за якія галасуюць вандроўнікі, кожны год розныя.

поделиться

Новости по теме

    Эканомяць нават на "Дажынках"

    З Кобрына, які актыўна рыхтуецца да Дажынкаў-2009, з’ехалі каля 400 лепшых будаўнікоў. за апошнія тры месяцы заробкі ім некалькі разоў уразалі: спачатку плацілі мільён – паўтара беларускіх рублёў, а ў траўні - па 500 – 600 тысячаў.подробности

Новости партнёров