Журы назвала пераможцаў конкурсу "Вольнае слова-2008"

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Журы творчага конкурсу ГА "БАЖ" "Вольнае слова" прааналізавала больш за паўсотні журналісцкіх матэрыялаў ад 25-і аўтараў беларускіх СМІ і назвала лепшых за 2008 год.

Найлепшы інфармацыйны матэрыял

Лепшым сярод інфармацыйных названы тэкст "Эльжбета Радзивилл, дочь последнего хозяина Несвижского замка: "Я жила в том крыле замка, которое сровняли с землей".

Аўтар Глеб Лабадзенка з "Комсомольскай правды" в Белоруссии" знайшоў у Польшчы прадстаўніцу слыннага беларускага роду. Журналіст здолеў "разгаварыць" арыстакратку, яна падзялілася не толькі сваімі ўспамінамі пра аўтэнтычны Нясвіж, але і фотаздымкамі, якія даюць уяўленне пра маштабы дзейнасці стройтрэста, які зараз рэстаўруе замак на замову ўладаў.

Другое месца журы прысудзіла серыі падарожных ілюстраваных рэпартажаў "Куба як яна ёсць". Карэспандэнтка "Еўрапейскага радыё для Беларусі" Віталіна Грахоўская дзеліцца сваімі ўражаннямі ад Выспы Свабоды:

"Па талонах на Кубе купляюць не толькі прадукты. Гэта таксама адзін цюбік зубной пасты на сям’ю", — піша Віталіна. "Выспа Свабоды сёння ўяўляе сабой вялікі хаос… І жыццё ў ёй будзе цягнуцца да таго часу, пакуль у краіне будзе што красці", — робіць выснову журналістка, завяршаючы гэтымі словамі цыкл фотарэпартажаў.

Трэцяе месца належыць рэпарцёру баранавіцкай газеты "Intex-press" Руслану Гарбачову, які ў літаральным сэнсе не пашкадаваў сваіх ног для напісання рэпартажу "Как я догонял олимпийского чемпиона".

Журналіст захацеў "пакаштаваць хлеба" алімпійцаў і вырушыў на марафонскую дыстанцыю ў 50 кіламетраў сінхронна з тымі, хто прымаў удзел у Алімпійскіх гульнях у Пекіне.

"Зашел в магазин за бутылкой воды, и, когда стоял в очереди, понял: все, мой марафон завершен. Ноги почему-то качались в разные стороны, и удержаться на изнывавших ступнях в вертикальном положении было трудно. Как только вышел из магазина, вновь упал "посидеть". В положении стоя мог находиться от силы минут 10", — дзеліцца ў рэпартажы сваімі ўражаннямі Руслан.

Найлепшая аналітычная публікацыя

Лідэрам у гэтай намінацыі стала рэцэнзія "Камедыя выраджэння" Аляксандра Фядуты на купалаўскую пастаноўку Мікалая Пінігіна "Пінская шляхта" па аднайменным творы В. Дуніна-Марцінкевіча.

"У "Пінскай шляхце" Пінігін паставіў дыягназ", — піша сп. Фядута на старонках "Нашай Нівы".

"Высакародныя рыцары пазвадзіліся да паўп’яных мужыкоў, якія бяруцца за грудкі пры найменшым падазрэньні ў непавазе да сваёй пэрсоны. Вера зьвялася: гандляры ня толькі аселі ў храмах, але і пачалі дыктаваць сьвятарам зьмест казанняў. Нават паэзія зьвялася: на зьмену геніяльнаму "Пану Тадэвушу" прыйшло ўбогае "Вялікае Княства", якое загадана прызнаваць за паэтычны шэдэўр пад страхам быць абвінавачаным у супрацоўніцтве з расейскімі і нацыянальнымі спэцслужбамі. Трагедыя Адраджэньня пераўтварылася ў Камэдыю Выраджэньня з усімі наступствамі, якія выцякаюць для выраджанага народу. Трагічнымі наступствамі"
, — ставіць свой дыягназ сп. Фядута.

"Жыве Беларусь? Якая — Беларусь? Гэтая?!", — пытаецца аўтар рэцэнзіі.

Другое месца заняў артыкул "Казус Абрамавай, альбо пусты гранатамёт Кучынскага", аўтарства якога належыць журналісту Радыё "Свабода" Віталю Цыганкову.

"Калі Вольга Абрамава выйгравала парлямэнцкія выбары ў 2000-м і 2004-м гадах, больш за ўсё мяне ўражвала (і, прызнаюся, раздражняла) яе нахабная (ці наіўная) упэўненасьць, што на выбарах яна перамагае дзякуючы выключна сваім палітычным здольнасьцям і клапатлівай працы з насельніцтвам сваёй акругі. Гэтыя выбары даказалі відавочнае — Абрамаву, як і іншых дэпутатаў, "прызначалі". А цяпер не прызначылі"
, — сцвярджае Цыганкоў, аналізуючы палітычную прыроду прыстасаванства.

Найлепшая публікацыя літаратурна-мастацкага жанру ў журналістыцы


Першае месца ў гэтай намінацыі сябры журы аддалі нарысу "Аднагодак БНР" журналіста Сямёна Печанко з "Нашай Нівы".

Герой нарысу Уладзімір Лялькоў распавядае пра свой шматпакутны лёс. Ён сын праведніка свету, "вораг народу", у вайну ён быў дырэктарам гімназіі ў Мар’інай Горцы, за што адседзеў у Інце амаль дзесяць гадоў.

"Як была Беларусь савецкай, так за Лукашэнкам такой і засталася. Беларусы вартыя лепшай улады"
, — прыводзіць словы Лялькова аўтар нарыса.

Другое месца належыць публікацыі Руслана Гарбачова "Человек нашей эры". Тематический словарь", у якой журналіст "Intex-press" робіць галоўным героем энтузіяста Мікалая Галавіна, кіраўніка мясцовай паляўніча-рыбалоўнай гаспадаркі.

"Человек на Земле — это раковая опухоль, которая все увеличивается. На нашей планете все больше асфальта и бетона, все меньше дикой природы"
, — дзеліцца з Русланам Гарбачовым сваімі думкамі галоўны персанаж.

Трэцяе месца заняў нарыс "Калі гісторыя ломіць лёс", у якім журналіст Алесь Гізун з "Intex-press" распавядае пра трагічны лёс чалавека, які правёў 25 гадоў жыцця ў сталінскіх лагерах за беларускую дзейнасць у часе Другой Сусветнай вайны.

Намінацыя "Дэбют"


Адразу дзве маладыя таленавітыя журналісткі сталі пераможцамі ў гэтай намінацыі.

Пруднікава Вольга
з "Народнай Волі" перамагла з тэкстам "Артыстам Купалаўскага тэатра няма дзе жыць". Журналістка высветліла, што шмат хто з артыстаў вядучага тэатру краіны жыве абы-дзе, не здолеўшы атрымаць нават асобнага пакоя ў інтэрнаце.

Тамара Савіч з "Intex-press" (Баранавічы) уразіла сябраў журы самаахвярнасцю.
Дзяўчына дзеля рэпартажу "Испытано на себе: "Остаться в живых" на прожиточный минимум", вырашыла пражыць месяц на 223 600 беларускіх рублёў.
Эксперымент ледзьве не завяршыўся галоднай смерцю.

"Денег не хватило. Совсем. А месяц жизни на БПМ с 17 октября по 17 ноября на те деньги, которые должны были, по идее, обеспечить мою "нормальную жизнедеятельность и сохранение моего здоровья, включая обязательные платежи", показался мне вдвое длиннее обычного"
, — падсумоўвае Тамара.

Конкурс "Вольнае слова" праводзіцца другі год запар. Яго мэта — удасканаленне прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў незалежных СМІ і інтэрнет-выданняў, заахвочвання таленавітых журналістаў, стымулявання іх дзейнасці ў адстойванні агульначалавечых каштоўнасцяў, у тым ліку прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.

На конкурс прымаліся журналісцкія матэрыялы, апублікаваныя з 1 студзеня 2008 года па 31 снежня 2008 года ўключна.

Спосаб ацэнкі, якім карысталіся сябры журы, дазволіў максімальна абстрагавацца ад асабістага стаўлення і сканцэнтравацца на перавагах альбо хібах журналісцкага твору — па 5-бальнай шкале ацэньваўся кожны канкрэтны тэкст, а не яго аўтар.
Колькасць балаў, набраная конкурснай працай, была асноўным крытэрам пры вызначэнні пераможцаў.

У склад журы ўвайшлі:
Таццяна Мельнічук
Юлія Слуцкая
Андрэй Аляксандраў
Анатоль Гуляеў
Максім Жбанкоў
Аляксандр Старыкевіч
Андрэй Скурко
Юрась Карманаў
, старшыня журы

"Беларускія журналісты з незалежных СМІ застаюцца носьбітамі прафесійных стандартаў працы, а конкурс дапамагае журналісцкай супольнасці супрацьстаяць спробам дэвальвацыі прафесіі", — кажа старшыня журы "Вольнага Слова" Юрась Карманаў.

Старшыня журы адзначыў шырокую геаграфію прадстаўленых конкурсных твораў. Канкурсанты працавалі на Кубе і ў Абхазіі, у Польшчы і ў Расіі.

Тэматыка дасланых публікацый сведчыць, што журналісты імкнуцца выконваць свае асноўныя функцыі — пісаць якасна, інфармаваць чытачоў і кантраляваць дзеянні ўлады.

Беларуская журналістыка набывае пачуцце гумару. У гэтай танальнасці вытрыманы шмат якія з дасланых твораў.

"Пачуцце гумару — надзвычай каштоўная якасць. Конкурс паказаў, што беларускія журналісты здольныя не толькі крытычна ставяцца да хібаў улады, але з са здаровай самаіроніяй і гумарам падыходзяць да грамадзянскай супольнасці і да сябе"
, — зазначыў Юрась Карманаў.

БАЖ віншуе пераможцаў!
Іх узнагароджанне будзе прымеркавана да Сусветнага Дня свабоды друку і запланавана на 4 траўня.

поделиться

Новости по теме

    Самыя беларускамоўныя на Віцебшчыне

    У Віцебску падвялі вынікі конкурса "З родным словам". Конкурс паказаў: найбольшая колькасць матэрыялаў на беларускай мове змяшчаецца ў рэгіянальнай прэсе. Некаторыя газеты нават перакладаюць на родную мову выступы мясцовых ідэолагаў.подробности

Новости партнёров