Пытанне аб прызнанні Абхазіі разгледзіць аграрная камісія парламента

"Еўрарадыё"

Еўрарадыё пашукала сярод дэпутатаў прыхільнікаў і праціўнікаў прызнання Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Многія сказалі, што ўсё яшчэ вагаюцца і не сфармавалі сваю думку. Іншыя адмовіліся штосьці каментаваць да прыняцця афіцыйнага рашэння. Яшчэ адны шчыра расказалі, што прызналі б гэтыя рэгіёны. Былі і такія, хто адназначна заявіў: "мая думка адпавядае заканадаўству".

Пытанне аб прызнанні незалежнасці рэспублік не было уключанае ў парадак вясенняй сесіі парламента 2 красавіка. Як заявіў старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, "сёння ў нашых парламентарыяў неадназначныя адносіны да гэтага пытання, ёсць розныя пункты гледжання".

Дэпутат Васіль Люцікаў расказаў Еўрарадыё, што для такога важнага рашэння патрэбна больш часу.

Васіль Люцікаў: "У кулуарах розныя размовы ходзяць. І спыніцца на пэўным адзінстве цяжка. Пакуль яшчэ няма такога — давайце заўтра абмяркуем. Ну, і што мы абмяркуем? Пагаворым і разыйдземся. Таму, думаю, яшчэ ранавата. Нам яшчэ крыху часу трэба".

Пакуль прымаць рашэнне вельмі небяспечна, лічыць спадар Люцікаў. І перш за ўсё таму, што на 7-8 траўня прызначаны саміт па "Усходнім партнёрстве" ў Празе. Прызнаўшы Абхазію і Паўднёвую Асецію, мы рызыкуем раззлаваць Еўропу.

Васіль Люцікаў: "Ёсць вектар усходні і заходні. Што лепш для Беларусі будзе? Прызнаваць, канечне, трэба. Але чым гэта добра для нас? Як тады Еўропа будзе сябе з намі паводзіць? Усе ж глядзяць на нас — і Расія, і Еўропа. Прымем рашэнне сёння — пачнуцца праблемы з Еўропай".

Калі дакладна настане час для прызнання рэгіёнаў, цяжка сказаць, лічыць Васіль Люцікаў. Што важна — арыентуецца дэпутат у гэтым пытанні больш на Еўропу, чым Расію. Найбольш бяспечным будзе момант, лічыць спадар Люцікаў, калі Еўропа сама зменіць сваё меркаванне і саспее для таго, каб прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію.

Васіль Люцікаў: "У Еўрасаюзе, напэўна, свая думка. Калі ён сваю думку зменіць, тады, думаю, можна будзе прызнаваць. То бок, калі яны саспеюць таксама".

Дэпутат Тамара Клябан прысароміла Еўрарадыё, што перш чым пытацца пра асабістую думку на гэты конт, трэба даведацца парадак прызнання краіны. І ўвогуле, спярша павінны быць вытрыманыя пэўныя моманты. А ў самой дэпутаткі "ўсё адпаведна заканадаўству".

Тамара Клябан: Я наконт сваіх калегаў нічога не ведаю. А ў мяне ўсё адпаведна заканадаўству. А вы ўвогуле ведаеце, які парадак прызнання?

ЕРБ: Раскажыце.

Тамара Клябан: Ну вось. Спачатку трэба даведацца парадак. Для таго, каб дэпутаты прыйшлі да пэўнай думкі і ўвогуле, каб вырашаць гэтае пытанне, павінны быць вытрыманыя пэўныя моманты. Вы задаеце пытанне надта рана.

Што гэта за "пэўныя моманты", спадарыня Клябан адмовілася расказаць. Надаў таямнічасці сітуацыі і дэпутат Сяргей Крыжэвіч. Ён лічыць, што на рэзультатыўнасць рашэння беларускага парламента паўплывае не толькі ўласна само рашэнне, але і час яго прыняцця. Пры гэтым спадар Крыжэвіч зазначыў: "Я думаю, вы разумееце, пра што я кажу".

Сяргей Крыжэвіч: "Тут жа, разумееце, закранаюцца інтарэсы розных бакоў. Мы ж — цэнтр Еўропы. Мост паміж Усходам і Захадам. Калі мы прымем такое рашэнне ці іншае — адно рашэнне не ў інтарэсах аднаго боку, іншае рашэнне не ў зацікаўленасцях іншага. А трэба прыняць узважанае, аптымальнае рашэнне. І самае галоўнае, каб гэтае рашэнне было прынятае ў інтарэсах Рэспублікі Беларусь. А на гэта ўплывае не толькі тое, будзе прынятае станоўчае ці адмоўнае рашэнне, аднак будзе ўплываць і час прыняцця. Я думаю, вы таксама разумееце, пра што я".

Мы зразумелі, што спадар Крыжэвіч меў на ўвазе ўсё той жа пражскі саміт, які адбудзецца днямі. Таксама дэпутат паведаміў, што пытанне аб прызнанні Абхазіі і Паўднёвай Асеціі ў іх камісіі па аграрных пытаннях абмяркуюць ужо ў траўні.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров