АБСЕ напамінае пра свабоду слова

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Офіс АБСЕ ў Мінску і Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ зацікаўлены і гатовы аказваць падтрымку ў вырашэнні пытанняў, звязаных са свабодай слова ў Беларусі.

Пра гэта заявіла Ганна Карлсрайтэр, дарадца Бюро Прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, падчас свайго выступу на IV Беларускім інфармацыйным форуме.

Форум пачаў сваю працу 6 траўня ў Нацыянальнай бібліятэцы. Удзел у ім бяруць больш за 400 прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі, пераважна дзяржаўных, а таксама экспертаў, замежных гасцей, прадстаўнікоў дзяржаўных структур.

Спн. Карлсрайтэр выступіла з ацэнкаю сітуацыі са сродкамі масавай інфармацыі ў Беларусі. У якасці станоўчага моманту яна адзначыла той факт, што пад час прыняцця новага закона "Аб СМІ" былі ўлічаны некаторыя прапановы па змякчэнні пэўных палажэнняў закона. Але ёсць моманты, якія выклікаюць у еўрапейцаў пэўную заклапочанасць. "Гэта прадастаўленне ўраду большых правоў датычна папярэджання, прыпынення і спынення дзейнасці СМІ", – адзначыла прамоўца.

Яна вітала вяртанне дзвюх недзяржаўных газет – "Наша ніва" і "Народная воля" – у сістэму распаўсюду "Саюздруку" і "Белпошты" і выказала спадзяванне, што і астатнія трынаццаць недзяржаўных грамадска-палітычных выданняў, якія маюць абмежаванні ў распаўсюдзе праз дзяржаўныя сеткі ці, як газета "Товарищ", вымушаныя друкавацца за межамі Беларусі, атрымаюць магчымасць выдавацца і распаўсюджвацца на Радзіме.

Апроч таго, па словах Ганны Карлсрайтэр, застаюцца пытанні з акрэдытацыяй замежных журналістаў, праблемы доступу да афіцыйнай інфармацыі для журналістаў недзяржаўных выданняў, наяўнасць у крымінальным заканадаўстве карных артыкулаў за абразу і паклёп у дачыненні да высокапастаўленых чыноўнікаў, што замінае паўнавартаснай працы журналістаў і нават можа пагражаць ім пазбаўленнем волі.

З вітальнымі словамі да ўдзельнікаў форуму звярнуліся першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч, міністр інфармацыі Уладзімір Русакевіч, кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску пасол Ханс-Ёхен Шмідт, дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Павел Барадзін, а таксама першы намеснік выканаўчага сакратара СНД Уладзімір Гаркун.

У той жа дзень перад удзельнікамі форума выступілі намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур, старшыня Беларускага саюза журналістаў Анатоль Лемяшонак, пасля чаго пачалася праца тэматычных секцый.

7 траўня ўдзельнікі IV Беларускага інфармацыйнага форуму ў сталічнай Ратушы сустрэнуцца з кіраўніцтвам Мінскага гарвыканкаму, наведаюць Інстытут журналістыкі БДУ і правядуць шэраг сустрэч на ХІІІ Міжнароднай спецыялізаванай выставе "СМІ ў Беларусі — 2009".

Арганізатарамі форуму з’яўляюцца Міністэрства інфармацыі Беларусі, Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Беларусі, Выканаўчага камітэта СНД, Офіса АБСЕ ў Мінску і Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров