Мілінкевіч: Барацьбы за псеўдаўладу не будзе

"Мы"

Лідэр руху "За свабоду" Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю "Мы" пацвердзіў факт складання ліста за ягоным подпісам да дэмакратычных актывістаў па ўсёй Беларусі. Пасланне будзе ім адасланае днямі.

У лісце палітык дае сваю ацэнку апошнім зменам у палітычным жыцці і заклікае правесці Кангрэс праеўрапейскіх сіл.

"Варта правесці такі форум да канца года. Але грунтоўна яго падрыхтаваць. Гэта павінна быць не проста мерапрыемства, а мабілізацыя актывістаў спярша да дыскусіі па еўрапейскім выбары Беларусі, а потым да яго рэалізацыі. Хацелася б арганізаваць сходы прыкладна ў 80 раёнах. У тым ліку з удзелам экспертаў, інтэлігенцыі, журналістаў", - кажа Мілінкевіч.

"Для мяне гэта не чыста палітычнае, а грамадскае мерапрыемства"
, - даводзіць старшыня руху "За свабоду". Паводле яго словаў, "цяпер вельмі важна ажывіць грамадскае жыццё, каб мясцовыя актывісты ўключаліся ў працу па канкрэтных праектах адпаведна праблемам і інтарэсам свайго рэгіёну. Указаў зверху не будзе, праца павінна разгортвацца па гарызанталі".

Можна спрагназаваць, што лідэры партый могуць звінаваціць Мілінкевіча ў чарговай спробе звабіць іхніх сябраў. Вось што кажа на гэта лідэр руху "За свабоду": "Кангрэс – шырокі форум. І на ім не будуць абірацца нейкія кіруючыя органы, не будзе весціся барацьба за псеўдаўладу. Спадзяюся, амбіцыі ўдасца адкінуць убок".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров