"Говори и пой на нормальном языке, а то сядешь!"

pbnf.org

Супраць Франака Вячоркі ў вайсковай частцы ў Мазыры пачалася чарговая кампанія ўціску. Арганізатар і натхняльнік такіх кампаніяў - псыхоляг батальёну старэйшы лейтэнант Дзяніс Казак. На гэты раз задача - прымусіць Франака Вячорку загаварыць па-расейску пад пагрозай... крымінальнага перасьледу.

Д.Казак пачаў патрабаваць ад Ф.Вячоркі спыніць адказы і перадачу камандаў па-беларуску, бо нібыта той парушае вайсковы статут, а таксама "проціпастаўляе сябе калектыву".

10 ліпеня, дзяжурны па частцы прапаршчык Піскун загадаў Ф.Вячорку сьпяваць расейскую песьню. На лягічную прапанову беларускамоўнага жаўнера адсьпяваць беларускую песьню з "рэпэртуару" часткі Піскун заявіў, што, па-першае, ён ня любіць беларускай мовы; па-другое, ён дакладна ведае, што беларускую мову ня любяць многія салдаты і сяржанты; а па-трэцяе, калі Франак ня выканае загад, то супраць яго ўзбудзяць крымінальную справу паводле артыкулу "Непадпарадкаваньне".

Ідэоляг вайсковай часткі У.Ігнацік падтрымаў прапаршчыка, сказаўшы, што пры наступным непадпарадкаваньні загадам справу Вячоркі трэба перадаваць у пракуратуру.

Раней зь ініцыятывы Ф.Вячоркі ў частцы зьявілася бібліятэчка, значную частку якой складаюць беларускія кнігі, у тым ліку з аўтографамі аўтараў - Ул.Арлова, А.Хадановіча, А.Клінава. Ёсьць і прысланая падпалкоўнікам С.Суднікам "Беларуская вайсковая тэрміналёгія". Гэтаксама Франак ладзіў для салдатаў паказы заходніх фільмаў, прадубляваных на беларускую.

На пытаньне бацькі салдата, Вінцука Вячоркі, чаму псыхоляг Казак забраў частку кніг з пакою адпачынку, той заявіў, што бібліятэка ў батальёне "не паложана", а "паложана" толькі на ўзроўні брыгады (якая ў Баранавічах). В.Вячорку заставалася толькі падзівіцца вайсковаму псыхолягу, які ня радуецца, калі салдаты ў вольны час бяруць кнігу.

Франак выканаў па-беларуску частку таблічак, напрыклад, "Пажарны разьлік". Было загадана іншаму салдату "всё переписать на нормальном языке".

"Мая задума дапамагчы Міністэрству абароны й правесьці кампанію "Беларускую мову - у войска!" будзе ажыцьцяўляцца няпроста, пакуль пазыцыя некаторых ня мае нічога супольнага зь беларускім патрыятызмам", - са скрухай зазначае беларускі салдат Франак Вячорка. - "Абразы ў адрас нашай мовы, яе нераўнапраўе парушаюць мае канстытуцыйныя і законныя правы. І толькі ўмацоўваюць маю рашучасьць бараніць сваю моўную і нацыянальную годнасьць".

Вінцук Вячорка лічыць новую кампанію ўціску на сына "самай бяздумнай з усіх папярэдніх".

"Па-першае, які стратэг дадумаўся перасьледаваць кагосьці зь Вячоркаў... за беларускую мову? Гэта ж палітычны правал, гэта гатовы адказ на пытаньне, ці Беларусі яны служаць, ці іншай краіне! А перш чым запалохваць артыкулам за невыкананьне загаду гаварыць па-расейску, хай прачытаюць арт. 40 Крымінальнага кодэксу: "Асоба, якая ня выканала заведама незаконны загад ці распараджэньне, не падлягае крымінальнай адказнасьці". Гэта праблема Міністэрства абароны, а не віна беларускіх патрыётаў, што дагэтуль няма ані беларускамоўных статутаў, ані рэальных правоў беларускае мовы ў арміі. Гэта пытаньне да Міністэрства абароны, чаму яно не паказала сваім дамарошчаным беларусаедам у пагонах арт. 130 Крымінальнага кодэксу: "Дзеяньні, скіраваныя на (...) прыніжэньне нацыянальнага гонару і годнасьці (...), учыненыя службовай асобай з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, - караюцца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў".

Па-другое, яны там у спэцслужбах зусім страцілі кваліфікацыю, калі робяць выканаўцамі сваіх распрацовак такіх "псыхолягаў", як Дзяніс Казак. Ён штодня пужае Франака крымінальнай адказнасьцю, а сам ня ведае элемэнтарных юрыдычных паняцьцяў. Скажам, лічыць салдата "службовай асобай". Сьцьвярджае, нібыта ў частцы "не паложаны" таксафон. Скарыстоўвае мэтады, уласьцівыя спэцыфічным колам. Так, падчас ператрусу нібыта знайшлі ў Франака тэлефон. Cын патлумачыў, што яго падчас ператрусу не было і ён нічога ня можа сказаць пра нейкі тэлефон. Калі я прыехаў, мне Казак аддаў той тэлефон, папрасіў расьпісацца ў атрыманьні. А цяпер кажа, што паколькі я ўзяў, значыць, тэлефон Франакаў. За гэтую тыповую "падставу" сына пакаралі 5 нечарговымі нарадамі.

Але, паводле вядомай прымаўкі, перажывем лета гарачае... Мяне больш хвалюе здароўе сына. Апошнія 6 дзён ягоны ціск не спускаецца ніжэй за 150/110 - і гэта пры штодзённым прыёме антыгіпэртэнзіўных лекаў. У шпіталь на пераасьведчаньне яго не пасылаюць. Штодня псыхалягічна прасуюць, караюць, што б'е па крывяным ціску і па сэрцы. Франака нішчаць у войску ня гэтулькі маральна - вытрывае! - колькі фізычна".

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров