Моўная дыскрымінацыя падчас перапісу ў войску

"Хартыя-97"

Адзін з лідэраў Партыі БНФ Вінцук Вячорка распавёў сайту www.charter97.org, як яго сын Франак Вячорка ўдзельнічаў у перапісе ў вайсковай частцы 48694 СПА у Мазыры.

Паводле словаў палітыка, салдатам прапаноўвалі запаўняць бланкі перапісу толькі на рускай мове, а, запытваючы, якую мову яны лічаць роднай, у парушэнне ўсіх правілаў тлумачылі, што гэта "тая мова, на якой вы размаўлялі ў дзяцінстве". Такім чынам, на думку Вінцука Вячоркі, ваеннаслужачых падштурхоўвалі да таго, каб яны назвалі роднай мовай "рускую".

Гвалтоўна прызваны ў войска дэмакратычны актывіст Франак Вячорка адмовіўся запаўняць перапісны бланк на рускай мове і запатрабаваў даць яму бланк на беларускай мове. Камандаванне вайсковай часткі адмовілася выканаць законнае патрабаванне актывіста. Больш за тое, камандзір батальёна Ігар Лябедка пачаў пагражаць Франаку Вячорку ў нецэнзурнай форме, заяўляючы, што калі актывіст будзе "зрываць перапісную кампанію", ім зоймецца вайсковая пракуратура.

Тым не менш Франак Вячорка запатрабаваў, каб кіраўніцтва вайсковай часткі звярнулася ў Мазырскі цэнтр перапісу і даведалася, ці ёсць там перапісныя бланкі на беларускай мове. Пасля доўгіх пярэчанняў, урэшце, праз 3 гадзіны ў вайсковую частку прывезлі бланкі на беларускай мове.

"Тое, што адбываецца ў вайсковай частцы ў Мазыры – адлюстраванне таго, што адбываецца па ўсёй краіне, але ў больш выродлівай форме. Я заўжды казаў, што на адказ пра тое, якая мова з’яўляецца роднай, вельмі моцна ўплывае тое, на якой мове размаўляе сам перапісчык і на якой мове складзены бланк. А калі чалавек мусіць прасіць і патрабаваць бланк на беларускай мове – гэта дыскрымінацыя! І даваць фармулёўкі таму, што значыць "родная мова" - таксама неправільна! Якая мова для чалавека з’яўляецца роднай, чалавек вызначае сам. Што значыць "тая, на якой размаўлялі ў дзяцінстве"? А калі чалавек пачаў размаўляць па-беларуску ў сталым узросце?", - пракаментаваў тое, што адбылося, Вінцук Вячорка.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров