Рыгор Кастусёў: Маёй цагліны ў падмурку рэжыму няма

Глеб Хмяльнiцкi, UDF.BY

Чаму шклоўскаму палітыку Рыгору Кастусёву не сорамна за свайго земляка – Лукашэнку? Чаму Аляксандр Мілінкевіч не стаў адзіным кандыдатам ад БНБ на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, а пайшлі адразу трое? Чаму ў падзеях 19-20 снежня 2010 года для Рыгора Кастусёва “многа незразумелага? Чаму дэмакратычныя сілы могуць вызначыцца з адзіным кандыдатам, але гэта не значць, што ён будзе адным кандыдатам?

Былы кандыдат на прэзідэнта Рыгор Кастусёў адказаў на пытанні праекта UDF.BY "ПАЛІТЫКА".

"Сораму за земляка, які завёў краіну ў бездань, я ніколі не адчуваў"

- Прымаючы рашэнне балатавацца ў прэзідэнты, Вы не саромеліся свайго земляка Аляксандра Лукашэнку? На Вас не пераносілі самыя нізкія рысы нязменнага правіцеля Беларусі?


- За час выбарчай кампаніі я неаднаразова наведаў шматлікія гарады і мястэчкі Беларусі. Той факт, што я са Шклова, і ў той жа час – прадстаўляю Партыю БНФ, амаль паўсюдна вызываў своеасабліую цікавасць. Нашая каманда арганізоўвала сустрэчы ў разнастайных фарматах. Гэта былі і загадзя запланаваныя сустрэчы ў залах, куды, зразумела, збольшага прыходзілі людзі ў рознай ступені палітызаваныя. Гэта былі і сустрэчы на рынках, іншых грамадскіх месцах, што для выбаршчыкаў было нечакана.

За час шматлікіх сустрэчаў з выбаршчыкамі я ні разу не сустрэўся з тым, каб людзі пераносілі адмоўныя якасці “бессменного правителя” Беларусі на маю асобу. Не назіралася таксама і фактаў агрэсіі ў мой бок у час разнастайных сустрэчаў, хоць тут нярэдка мы сустракаліся з ярымі прыхільнікамі Лукашэнкі.

Зрэдку адмоўныя выказванні ў свой бок у фармаце “хопіць нам шклоўскіх, дасталі…” я заўважаў толькі ў публікацыях і каментарах некаторых друкаваных і электронных СМІ.

Сораму за земляка, які завёў краіну ў бездань, я ніколі не адчуваў і не адчуваю, бо я ніякім чынам не спрычыніўся да гэтых працэсаў разам з ім - ні з часоў прэзідэнцкай кампаніі 1994 года, ні з часоў атрымання нашай краінай незалежнасці, калі ўжо тады на Беларусі распачаў нараджацца антыбеларускі, антынародны рэжым.

Фармаванне антыбеларускага рэжыма на Беларусі я разглядаю не з часоў рэферэндума 1996 года ці з часоў прэзідэнцкай кампаніі 1994 года. Гэты працэс значна шырэйшы па часе. Стварэнне яго падмуркаў распачалося тады, калі з беларускіх сілавых структураў звальнялі афіцэраў – удзельнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, як старшынём камісіі ВС станавіўся А.Лукашэнка, а раней узгодненыя, за ноч да гэтага, асобы, чамусьці адмовіліся вылучацца на гэтую пасаду. Стварэнне рэжыму праглядаецца і ў адстаўцы Шушкевіча з пасады старшыні ВС, і ў стварэнні групы “маладых ваўкоў” – прыхільнікаў Лукашэнкі ў ВС.

Маёй цагліны ў падмурку рэжыму няма.


"Адзіным кандыдатам ад блоку мог стаць А.Мілінкевіч"

- На першыя ролі ў Партыі БНФ Вы прышлі ў камандзе Аляксея Янукевіча ў верасні 2009 года. Тады, дый цяпер яшчэ, кажуць, што той вераснёўскі з’езд стаўся вынікам рэйдэрскага захопу Партыі БНФ рухам Аляксандра Мілінкевіча.


- У тыя часы, пра якія вы кажаце, Партыя БНФ апынулася ў вельмі складанай сітуацыі. Тады ўжо распачынаўся працэс фармавання спісу прэтэндэнтаў на кандыдатаў у прэзідэнты РБ. Сярод найбольш перспектыўных прэтэндэнтаў, як падавалася на той час, распачыналася сапраўднае “спаборніцтва” за ўсходні вектар падтрымкі, які, на іх думку, мог забяспечыць рэальную перамогу на хуткіх выбарах.У той жа час яны не жадалі заўважаць рэальных пагрозаў асноўным каштоўнасцям нашай краіны ад магчымых “імпульсаў дэмакратыі з Крамля”. У гэты працэс, на жаль, імкліва ўцягвалася Партыя БНФ, што ў канчатковым выніку прывяло б да развалу партыі.

На вераснёўскім 2009 года з’ездзе Партыі БНФ асноўная частка ўдзельнікаў з’езду своечасова зразумела гэтыя пагрозы і прагаласавала супраць лініі былога кіраўніцтва. З абранем Аляксея Янукевіча на пасаду старшыні Партыя БНФ цвёрда стала на пазіцыі абаронцы нацыянальных інтарэсаў. Выказванні некаторых ўдзельнікаў з’езду, якія вылучаліся на кіроўныя пасады і ўдзельнічалі да канца ў працэсе галасавання, аб “рэйдэрскім захопе партыі”, выглядаюць не інакш як крыўда дзіцяці, у якога адабралі прыгожую цацку. Пазіцыя, што яны могуць быць у партыі толькі на кіруючай пасадзе – гэта ніякая пазіцыя.

Аляксей Янукевіч ніколі не быў сябрам руху “За свабоду”. А тое, што Партыя БНФ і рух “За свабоду” з’яўляюцца арганізацыямі, блізкімі па пазіцыях абароны незалежнасці Беларусі і абароны яе нацыянальных інтарэсаў, я лічу толькі станоўчым фактарам.

- У канцы лістапада 2009 года Партыя БНФ разам з рухам “За свабоду” і шэрагам іншых структураў аб’явілі пра стварэнне нацыянальна-дэмакратычнай кааліцыі «Беларускі незалежніцкі блок». Незалежная прэса тут жа ахрысціла новую структуру «блокам Мілінкевіча», створаны пад верагоднае вылучэнне Мілінкевіча на прэзідэнцкія выбары -2010 года? Ці так гэта?

- Стварэнне “Беларускага незалежніцкага блоку” стала спробай аб’яднання нацыянальна-патрыятычных сілаў і абрання адзінага кандыдата ад гэтых арганізацый. На той момант шэрагам прэтэндэнтаў імкліва распрацоўваліся кантакты з Усходам дзеля атрымання разнастайнай падтрымкі. Крэмль са свайго боку імкнуўся скарыстоўваць падобнае супрацоўніцтва на сваю карысць. Гэтаму неабходна было супрацьстаяць. Меркавалася, што да блоку далучацца і іншыя арганізацыі, якія грунтуюцца на беларускіх нацыянальных аштоўнасцях.
Вылучэнне адзінага кандыдата ад “Беларускага незалежніцкага блоку” планавалася праз прапанаваную Партыяй БНФ працэдуру, дзе прэтэндэнты знаходзіліся ў роўных умовах. Цалкам верагодна, што адзіным кандыдатам ад блоку мог стаць А.Мілінкевіч, бо на той момант, ды і зараз, ён з’яўляўся найбольш вядомым беларускім палітыкам у краіне і за яе межамі.

- Але ў выніку – Аляксандр Мілінкевіч на выбары не пайшоў, але ад блока вылучыліся адразу тры кандыдаты: Вы, Алесь Міхалевіч і Юрый Глушакоў. Не здолелі дамовіцца нават між сабой ці тут дзейнічалі іншыя матывы?

- А надалей падзеі развіваліся такім чынам, што калі нават ад блока і ўдалося б вылучэнне адзінага кандыдата, то на іх агульную колькасць гэта паўплывала б не значна – ўсяго ў выніку было б мінімум 7 кандыдатаў, што не змяняла сітуацыю. Гэта ў асноўным і паўплывала на рашэнне Мілінкевіча і нашае агульнае рашэнне. Адносіны паміж намі ўсімі захаваліся самыя спрыяльныя. Мілінкевіч вельмі эфектыўна адпрацаваў у маёй камандзе ў якасці даверанай асобы. Нажаль, не склаліся на той момант такім жа чынам адносіны з яшчэ адным кандыдатам ад арганізацыі ўваходзячай у БНБ – Рымашэўскім.

- Чаму ўвосень 2010 года дзевяць апазіцыйных палітыкаў не прыйшлі да адзінага рашэнне – або вызначыць адзінага кандыдата, або супольна зняцца?

- Прыняцё агульнага рашэння кандыдатаў на прэзідэнта па вызначэнню адзінага кандыдата ці агульнаму зняццю ўвосень 2010 не адбылося, ды і не магло адбыцца, таму што кандыдаты прадстаўлялі разнастайнае палітычнае поле. Прапановы аб агульным зняцці ад некаторых кандыдатаў былі хутчэй спробамі лішні раз прапіярыцца.
Дый, як паказала далейшае развіццё падзей, менавіта шматлікасць кандыдатаў надала выбарчай кампаніі дынамізм, прыцягнула да выбарчай кампаніі вялікую ўвагу не толькі беларускіх грамадзян, а і ўсёй сусветнай грамадскасці.


"Пасля прэс-канферэнцыі мне ўпершыню ў КДБ на рукі адзелі і кайданкі"

- Аднак закончылася кампанія трагічна. З дзевяці апазіцыйных кандыдатаў на прэзідэнта толькі Вы ды Яраслаў Раманчук не затрымаліся ў "амерыканцы" надоўга. Сітуацыя з Раманчуком вядомая. Чаму Вас не зачынілі ў СІЗА КДБ? Адразу пасля таго пайшлі размовы пра супрацоўніцтва…


- У сітуацыі з маім затрыманнем і вызваленнем з “амерыканкі”, а таксама незатрыманнем ні аднаго ўдзельніка нашага выбарчага штабах – для мяне таксама многа чаго не зразумела. Адразу скажу, што маёй заслугі ў тым няма, як і ў тым, што ў параўнанні з іншымі, са мной абыходзіліся “лагодна”. Ды і прапаноў на падпісанне дакументаў аб супрацоўніцтве з КДБ, або напісанне прашэння аб памілаванні мне не паступала.

Па вызваленні з КДБ я адразу прыняў удзел у прэс-канферэнцыі, дзе прысутнічалі журналісты шматлікіх СМІ, хоць мой стан здароўя пасля ўдараў дубінкай па галаве, мякка кажучы, пакідаў жадаць лепшага. Разам з праваабаронцамі ад сябе і ад імя іншых кандыдатаў паспеў у апошнія хвіліны падаць скаргу ў ЦВК аб парушэннях выбарчага заканадаўства ў час прэзідэнцкай кампаніі. Калі б мяне пратрымалі ў КДБ яшчэ некалькі гадзін, то час, згодна з беларускім заканадаўствам, на падачу скаргі ў ЦВК проста б скончыўся…

Прыпынюся і на адказах на пытанні дадзеных беларускаму тэлебачанню 20 снежня 2010 года. Лічыў і лічу зараз, што чалавек, які займаецца палітыкай, абавязаны скарыстоўваць любую магчымасць, у якім бы стане або сітуацыі ён ні знаходзіўся, каб праз СМІ данесці да людзей свае думкі, свае меркаванні. Зразумела, нярэдка трэба ўлічваць пагрозу, што сэнс сказанага можа быць скажоны, і трэба казаць так, каб сэнс выказванняў не згубіўся. Так і атрымалася, нягледзечы на тое, што фармат інтэрв’ю быў скажоны, асноўная думка выказванняў захавалася. Я і зараз магу іх коратка паўтарыць: "Правакацыі і збіццё людзей, што адбыліся на плошчы 19 снежня 2010 года, адбыліся па сцэнару Крамля. Падзеі, адбыўшыяся на плошчы пойдуць толькі на карысць расійскаму боку, і адмоўна адаб’юцца на адносінах Беларусі з Еўропай".

Самае цікавае, што пасля гэтай сустрэчы з журналістамі мне ўпершыню ў КДБ на рукі адзелі і кайданкі, хаця да гэтай пары падобная мера ўздзеяння не прымянялася.

- Ваша ацэнка – Вы паспяхова адпрацавалі прэзідэнцкую кампанію ці правалілі?

- Калі ўлічваць, што рашэнне аб фармаце ўдзелу Партыі БНФ у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі было прынята за 6 месяцаў да выбараў, то лічу, што я асабіста адпрацаваў кампанію паспяхова. Дый не толькі я. Уся нашая каманда спрацавала паспяхова, на ідэю, на энтузіязме. Ні адна іншая каманда ў такіх умовах са сваёй задачай не справілася б.


"З адзіным кандыдатам вызначыцца ўдасца, ці будзе ён адным?"

- Беларуская апазіцыя дагэтуль не можа ачуняць ад разгрому 2010 года. Менавіта таму і на парламенцкую кампанію пайшла трыма калонамі: удзельнікі, паўудзельнікі, байкатысты. Не за гарамі ўжо прэзідэнцкая кампанія 2015 года, але адзінства ў апазіцыі не назіраецца. БНФ, рух "За свабоду", кампанія "Гавары праўду" вядуць кансультацыі напярэдадні гэтай кампаніі. Які прадмет перамоваў?


- Супрацоўніцтва БНФ, руху "За свабоду", кампаніі "Гавары праўду" грунтуецца на прынцыпах абароны нацыянальных інтарэсаў краіны. Разам мы імкнёмся аб’яднаць нацыянальна-патрыятычныя сілы краіны і ў бліжэйшай перспектыве вызначыцца з фарматам абрання адзінага кандыдата.

- Для ўсіх відавочна: каб рашыць галоўную праблему – пытанне ўлады, апазіцыя мусіць выступіць адзіным фронтам, забыўшыся на час пра партыйныя інтарэсы і амбіцыі. Ці магчыма з’еўленне ў Беларусі адзінай сілы, здольнай усур’ёз пазмагацца за ўладу? Ці гэта міф?

- Я не з’яўляюся прыхільнікам штучна створанага аб’яднання дзеля аб’яднання. Супрацоўніцтва разнастайных арганізацый можа адбывацца на глебе агульных інтарэсаў і агульнага бачання далейшага развіцця краіны.

Аб’яднанне мусіць адбывацца не толькі на аснове пазіцыі супраць кагосьці або чагосьці. Мы павінны данесці да выбаршчыка сваю пазіцыю – за што мы, данесці свае погляды і праграмы па рэфармаванню эканомікі, сацыяльнай, юрыдычнай сферы краіны. Што мы, нажаль, да гэтай пары не зрабілі.

Найвышэйшай кропкай аб’яднання беларускай апазіцыі ў мінулым я лічу кангрэс 2005 года, на якім адзіным кандыдатам на прэзідэнта РБ ад дэмакратычных сілаў на выбары 2006 года быў абраны А.Мілінкевіч. Але і ў той сітуацыі ён не стаў адным кандыдатам ад дэмсілаў.

І на гэты раз, на маю думку, сваю ролю адыграе ўсходні вектар, акрамя кандыдата ад нацыянальна-патрыятычых сілаў з’явяцца прэтэндэнты на атрыманне падтрымкі ад усходняй суседкі.

Адзінай сілай, здольнай пазмагацца за ўладу ў Беларусі, могуць стаць толькі аб’яднаныя нацыянальна-патрыятычныя сілы краіны, аб’яднанне якіх будзе адбывацца на грунце абароны нацыянальных інтарэсаў краіны. Над гэтым мы зараз і працуем разам са сваімі паплечнікамі.

- Як Вы мяркуеце, ці ўдасца вызначыцца з адзіным кандыдатам да 2015 года ці не бачыце ў тым неабходнасці?

- Мяркую, што з адзіным кандыдатам ад дэмсілаў вызначыцца ўдасца. Але гэта не азначае, што ён будзе адным кандыдатам ад дэмсілаў.

- Асабіста Вы – прыхільнік удзелу ў прэзідэнцкай кампаніі ці байкоту?

- Я з’яўляюся прыхільнікам удзелу ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі. Бо ўдзел у любой выбарчай кампаніі – гэта легітымная магчымасць палітычным арганізацыям для працы з насельніцтвам.

- Ці гатовыя Вы зноў выпрабаваць свае сілы ў прэзідэнцкай гонцы -2015?

- Лічу, што на прэзідэнцкую кампанію ў якасці прэтэндэнтаў неабходна вылучаць маладых людзей, і ўжо з іх шэрагаў выходзіць на адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Маладым людзям удасца зрабіць тое, што не змагло зрабіць нашае пакаленне – вывесці Беларусь на рэйкі пабудовы незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай, беларускай краіны. Але калі раптам узнікне такая неабходнасць, то я гатовы паспрабаваць свае сілы ў новай прэзідэнцкай гонцы.

- Як Вашая сям’я паставілася да ўдзелу ў вялікай палітыцы, у прыватнасці, у 2010 годзе і ці гатовая да новага Вашага паходу на прэзідэнцтва? Палітыка ў Беларусі – справа небяспечная, таму варта было спачатку абараніць тылы…

- Мая сям’я, як і любая нармальная сям’я, у 2010 годзе побач з падтрымкай выказвала і хваляванні за здароўе і лёс бацькі і мужа. За шматлікія гады грамадскай і палітычнай дзейнасці ўдзел ў разнастайных палітычных кампаніях мне разам з сям’ёй прыйшлося прайсці праз усялякае. І затрыманні, і арышты, і звальненні з работы…Праз гэта прайшлі ўсе: я, жонка, дзеці. І абмежаванні ў прыёме на працу напачатку 90-х, і судовы працэс 1995 года, арышты 2006 года і т.д. Самыя складаныя часы былі пасля прэзідэнцкай кампаніі 2001 года, калі па загадзе Жураўковай на мяне два месяцы шукалі кампрамат, каб пасадзіць у турму. У выніку застаўся без працы і толькі праз чатыры месяцы змог фінансава стаць на ногі, стварыўшы свой бізнэс. У тыя часы любы апазіцыянер у падобнай сітуацыі са сваімі праблемамі заставаўся сам-насам. Не было, як зараз, увагі з боку сусветнай грамадскасці, адсутнічалі грамадскія арганізацыі салідарнасці ў Беларусі. Але мы ніколі не меркавалі аб ад’ездзе на месца жыхарства за межы краіны…

поделиться

Новости по теме

    Заплаці 20 мільёнаў і стань адзіным кандыдатам

    Праект "Палажэння аб абранні адзінага кандыдата АДС для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах" распрацаваў намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч. Паводле праекта, прэтэндынты на званне адзінага кандыдата АДС павінныя выканаць шэсць умоваў.подробности

Новости партнёров