С.Калякін: “Мы кожныя выбары ловім за руку фальсыфікатараў”

Радыё "Свабода"

Пачалася кампанія вылучэньня кандыдатаў у склад участковых выбарчых камісіяў, якія будуць весьці падлік галасоў на прэзыдэнцкіх выбарах 19 сьнежня. Апазыцыя зьбіраецца накіраваць сваіх прадстаўнікоў толькі ў дзясятую частку камісіяў. Такое прадстаўніцтва не дае магчымасьці пракантраляваць падлік галасоў па ўсёй краіне, але дазваляе зрабіць высновы што да дэмакратычнасьці выбарчага працэсу.

Ад апазыцыі каардынацыяй вылучэньня ў камісіі займаецца кампанія “За свабодныя выбары”, у якую ўвайшлі 14 палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў, у тым ліку партыя левых “Справядлівы сьвет”, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя.

Госьць “Начной Свабоды: вынікаў дня” – сустаршыня кампаніі “За свабодныя выбары”, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы сьвет” Сяргей Калякін.

Знаткевіч: Спадар Калякін, вы сёньня сказалі нашаму карэспандэнту, што кампанія “За свабодныя выбары” плянуе вылучыць ва ўчастковыя камісіі каля 700 чалавек. Адносна нядаўна гаварылася пра 1200 чалавек. Ці значыць гэта, што ў апазыцыі зьмяніліся пляны?

Калякін: Я ня ведаю, адкуль узялася лічба 1200. Мы, па-першае, хацелі вылучаць усяго 500 чалавек ва ўчастковыя камісіі і вылучаць 1000 чалавек у якасьці назіральнікаў. Але сёньня мы лічым, што ня менш як 700 чалавек будзе вылучана ў камісіі прадстаўнікамі партыяў і рухаў, якія аб'ядналіся ў кампанію "За свабодныя выбары".

Знаткевіч: На вашую думку, колькі з гэтых людзей трапяць у камісіі і чаго могуць дабіцца прадстаўнікі апазыцыі ў камісіях?

Калякін: З досьведу, які мы маем з ранейшых выбараў, трапіць могуць каля 15 працэнтаў. Таму калі мы вылучым тысячу людзей у камісіі, то найлепшым вынікам будзе для нас, як улады ўключаць у камісіі каля 150 нашых прадстаўнікоў.

У іх будзе шмат правоў, і рэалізацыя гэтых правоў, калі ня будзе адбыцьця нумару, – гэта будзе праца для таго, каб не было фальсыфікацыяў. Гэтыя людзі могуць шмат чаго зрабіць, і калі яны сваю работу будуць спалучаць з той працаю, якую будуць выконваць назіральнікі, то мы маем шанец на вельмі добрыя вынікі.

Знаткевіч: Спадар Калякін, вы ўжо казалі, што на гэтых выбарах абавязкова зловіце за руку фальсыфікатараў і пакажаце усёй Беларусі, як вядзецца фальсыфікацыя шляхам ўкідваньня галасоў. Ці значыць гэта, што падчас цяперашняй кампаніі апазыцыя мае нейкія дадатковыя магчымасьці?

Калякін: Мы кожныя выбары лавілі за руку фальсыфікатараў. Мы думаем, што зловім і сёлета. Ёсьць такія магчымасьці, і сёньня ёсьць у нас шмат людзей, якія працуюць у камісіях. Гэта радавыя члены камісіяў – яны добра ведаюць, што адбываюцца парушэньні.

Мы маем шмат прыкладаў, калі нам кажуць, як гэта робіцца і дзе гэта робіцца. Быў прыклад, які трапіў у прэсу, калі расказваў пра тыя фальсыфікацыі, што адбываліся на парлямэнцкіх выбарах, падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Казлоў. Ён вельмі дакладна паказваў, як праходзіць замена бюлетэняў уначы. Мы пра гэта таксама ведалі і раней, але сёньня мы маем зьвесткі аб тым, дзе гэта можа быць і на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров