У Віцебску хуліган зьбіў “Някляева”

Радыё "Свабода"

28 кастрычніка невядомы накінуўся з кулакамі на выяву патэнцыйнага кандыдата на прэзыдэнта, якая была атрыбутам пікету па зборы подпісаў. Хлопец у камуфляжнай куртцы нанёс некалькі ўдараў і зьбег.

Пра здарэньне распавяла Ніна Кавалёва, зьбіральніца подпісаў на пікеце: «Трэці дзень мы зьбіраем подпісы каля Летняга амфітэатру разам зь „Някляевым“ — гэта фатаграфія паэта ва ўвесь рост, выразаная па контуры. Вядома, гэты атрыбут пікету прыцягвае ўвагу. І сёньня пад вечар каля нас некалькі хвілін хадзіў нейкі хлопец — у бэйсболцы, каўнер камуфляжнай курткі падняты, твару амаль не відаць. Потым ён падскочыў, некалькі разоў ударыў кулаком па фігуры з плястыку, прычым цэліў у твар. А потым пабег па пераходзе на другі бок вуліцы».

Лідзія Сагідуліна
, каардынатарка па зборы подпісаў за Ўладзімера Някляева па Віцебскай вобласьці, кажа, што выява Ўладзімера Някляева засталася непашкоджанай: "Мы акурат зьбіраліся забраць яе, бо ўжо сьцямнела і ўдзельнікі пікету завяршалі працу. Нападу ніхто зь іх не чакаў, таму хулігана нават не пасьпелі затрымаць. Ужо некалькі дзён мы зьбіраем подпісы «з удзелам Някляева», але з такімі праявамі агрэсіі яшчэ не сутыкаліся".

У гэты ж дзень у Віцебску аштрафавалі хулігана, які 18 кастрычніка абражаў зьбіральнікаў подпісаў на пікетах уздоўж вуліцы Леніна. Інцыдэнт з нападам на выяву Някляева адбыўся тамсама, але нападнік — іншы чалавек, гавораць актывісты, сьведкі здарэньня.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров