Сёння ЦВК разгледзіць заяву Сяргея Калякіна

Радыё "Свабода"

Сёння, 9 сьнежня, у Менску на пасяджэньні Цэнтравыбаркаму плянуецца разгледзець заяву С.Калякіна з патрабаваньнем скасаваць рэгістрацыю кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі.

Каардынатар кампаніі “За свабодныя выбары” Сяргей Калякін накіраваў у Цэнтравыбаркам заяву, у якой прыводзіць факты, якія сьведчаць пра парушэньні кандыдатам у прэзыдэнты Аляксандрам Лукашэнкам выбарчага заканадаўства.

Сяргей Калякін патлумачыў:

"Лукашэнка правёў сустрэчу са сваімі даверанымі асобамі ў працоўны час і ў будынку адміністрацыі прэзыдэнта, што немагчыма па Выбарчым кодэксе. Тым самым ён парушыў роўнасьць, якая павінна існаваць паміж кандыдатамі. Па-другое, ён выкарыстоўвае адміністратыўны рэсурс, бо яго падначаленыя ў працоўны час займаліся яго выбарчымі пытаньнямі. Па-трэцяе, іншыя кандыдаты ня маюць магчымасьці праводзіць у будынку адміністрацыі прэзыдэнта сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі. Гэта ўсё забараняе Выбарчы кодэкс, і таму там прадугледжана такое пакараньне як зьняцьцё кандыдата, які гэта парушае, з выбарчай кампаніі".

Спадар Калякін таксама згадвае пра іншыя парушэньні каманды Лукашэнкі, калі дакумэнты аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы падаваў ня ён асабіста, а Аляксандар Радзькоў, кіраўнік групы па зборы подпісаў.

Аналягічную заяву з патрабаваньнем скасаваць рэгістрацыю Лукашэнкі падала ў ЦВК і сябра Менскага выбаркаму Галіна Сямдзянава.

"Я наогул стаўлю пытаньне аб тым, ці можна тое, што ў нас адбываецца, назваць выбарамі? І канкрэтна прывяла прыклады таго, як адбывалася, і гэта паказалі па тэлебачаньні, сустрэча кандыдата ў прэзыдэнты з даверанымі асобамі, якая праходзіла ў адміністрацыі прэзыдэнта. Ці можа іншы кандыдат такімі самымі ўмовамі скарыстацца? Гэта ёсьць парушэньне артыкула 73-га — выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу і парушэньне Выбарчага кодэксу. Нарэшце, дайшла чарга разгледзіць маю скаргу, бо я ўжо напісала столькі скаргаў, што ўжо рука баліць".

Таксама ЦВК мае разгледзець звароты кандыдатаў Уладзімера Някляева і Андрэя Саньнікава, датычныя таго, каб ім далі дадатковы эфір для выступаў. У іх камандах лічаць, што Лукашэнкі на тэлебачаньні нашмат больш, чым астатніх.

поделиться

Новости по теме

Новости партнёров